У Кіеве напалі на суддзю, які вядзе справу аб забойствах на Майдане
Увечары 14 верасня ў Кіеве адбыўся напад на суддзю Сяргея
Дзячука, які праводзіць слуханні па справах аб забойствах падчас
Рэвалюцыі Годнасці ў 2014 годзе.
Напад адбыўся каля 22.30 ля ягонага дома. Дзячук знаходзіцца ў лякарні, падрабязнасцяў аб ягоным стане няма. Нападнікі не былі затрыманыя. Рада суддзяў Украіны паведаміла, што раней Дзячуку паступалі пагрозы і ён звязвае напад з прафесійнай дзейнасцю.
Інфармацыя аб нападзе ўнесеная ў Адзіны рэестр дасудовых расследванняў па ч.4 арт. 296 (хуліганства, здзейсненае групай асобаў з прымяненнем агняпальнай альбо халоднай зброі), — піша znaj.ua.
Абвінавачанымі па справе аб забойствах на Майдане праходзяць пяць былых байцоў "Беркуту".
Паводле meduza.io