У КНДР абвешчана жалоба ў сувязі са смерцю Фідэля Кастра

Паўночная Карэя абвясціла трохдзённую жалобу ў сувязі са смерцю лідара кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра. Доўгія гады Куба была адным з нешматлікіх саюзнікаў КНДР.

Партрэт Фідэля Кастра, Гавана. Фота AP

Партрэт Фідэля Кастра, Гавана. Фота AP


Як паведамляюць паўночнакарэйскія СМІ, з 28 па 30 лістапада на ўрадавых будынках будуць прыспушчаны дзяржаўныя сцягі. Лідар КНДР Кім Чэн Ын перадаў амбасадзе Кубы ў Пхеньяне жалобны вянок. На пахаванне Фідэля Кастра, які кіраваў краінай амаль паўстагоддзя, прызначанае на 4 снежня, накіравалася афіцыйная дэлегацыя Пхеньяна.

Як адзначаюць японскія СМІ, такія ўшанаванні ў КНДР у сувязі са смерцю замежнага дзяржаўнага дзеяча надаваліся толькі былому кіраўніку Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі Ясіру Арафату, які памёр у 2004 годзе.

Адразу пасля весткі пра смерць Фідэля Кастра старшыня прэзідыума Вярхоўнага народнага сходу КНДР Кім Ён Нам і старшыня савета міністраў краіны Пак Пон Джу выказалі спачуванні брату лідара кубінскай рэвалюцыі Раулю, які займае пасаду кіраўніка дзяржавы з 2008 года. У паведамленні Пхеньяна гаворыцца, што "подзвігі, якія ён [Фідэль Кастра] здзейсніў для кубінскай рэвалюцыі і брацкай дружбы дзвюх краін, застануцца назаўсёды", паведамляе ВВС.

Дыпламатычныя адносіны паміж Гаванай і Пхеньянам былі ўсталяваныя ў 1960 годзе. У 1986 годзе Фідэль Кастра наведаў Паўночную Карэю з афіцыйным візітам і сустрэўся са старшынёй КНДР Кім Ір Сэнам.

Нагадаем, Фідэль Кастра памёр раніцай у суботу, 26 лістапада. Пра смерць свайго брата абвясціў кіраўнік Кубы Рауль Кастра ў звароце па нацыянальным тэлебачанні. Ён сказаў, што цела лідара рэвалюцыі будзе, згодна з яго воляй, крэміравана. Прычыны смерці 90-гадовага Фідэля Кастра афіцыйна не названыя. Некалькі гадоў таму лекары дыягнаставалі ў кубінскага лідара цяжкае захворванне кішэчніка. У 2006 годзе Кастра быў шпіталізаваны ў цяжкім стане і доўгі час правёў у шпіталі. У 2008 годзе на ўсіх афіцыйных пасадах яго змяніў брат Рауль.

На Кубе жалоба ў сувязі са смерцю Фідэля Кастра будзе доўжыцца з 26 лістапада па 4 снежня.