У Крым перакінутыя расійскія знішчальнікі
Больш за 10 расійскіх знішчальнікаў Су-27 і Су-30 у суботу прыбылі на аэрадром Бельбек пад Севастопалем у анэксаваным Крыме. Пра гэта, як піша Радыё Свабода, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на відавочцаў.

poletim.net
Перакідка баявых самалётаў адбылася на фоне росту напружанасці вакол Азоўскага мора пасля інцыдэнту 25 лістапада, калі Расія захапіла ў Чорным моры тры ўкраінскія баявыя караблі і іх экіпажы.
Украіна пасля гэтага ўвяла ваеннае становішча на частцы тэрыторыі. Прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка заявіў, што існуе пагроза ўварвання расійскай арміі, і паведаміў, што каля межаў Украіны разгорнутая расійская групоўка колькасцю больш за 80 тысяч вайскоўцаў.
У сваю чаргу, у расійскіх СМІ пачалі з'яўляцца паведамленні пра нібыта рыхтаваны наступ украінскіх войскаў на сепаратыстаў у Данбасе, якіх падтрымлівае Расія, ці на Крым.
З засцярогамі аб магчымым наступе выступіў і МЗС Расіі, а кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў сказаў, што ўкраінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка перад Новым годам рыхтуе правакацыю ў Крыме. Ніякіх доказаў сваіх сцвярджэнняў ён не прывёў.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у чацвер на прэсавай канферэнцыі ў Маскве заявіў, што Расія будзе прымаць тыя меры для ўмацавання абараназдольнасці Крыму, якія палічыць патрэбнымі.
У пятніцу ў порт Адэсы прыбыў шматмэтавы гідраграфічны карабель брытанскага ваенна-марскога флоту. Як паведамляе Бі-бі-сі, брытанскія вайсковыя караблі будуць змяняць адзін аднаго ў Чорным моры і такім чынам знаходзіцца там практычна ўвесь час. Таксама ў пятніцу стала вядома, што Дзярждэпартамент ЗША заявіў аб павелічэнні фінансавай падтрымкі ВМС Украіны на 10 мільёнаў долараў.
Радыё Свабода