У Маскве забаранілі мыцца і ляжаць у аэрапорце падчас ЧС па футболе

У Расіі будуць дзейнічаць новыя правілы паводзінаў у аэрапортах на час Чэмпіянату свету па футболе 2018. У прыватнасці, гэта тычыцца Масквы.

 Аляксандр Шчарбак/ТАСС

 Аляксандр Шчарбак/ТАСС


Маскоўская абласная дума прыняла закон, які дазваляе штрафаваць наведвальнікаў аэрапортаў за непрыстойныя паводзіны. Увядзенне штрафаў прымеркавалі да ЧС-2018. Правілы будуць дзейнічаць у "Дамадзедава", "Шарамеццева" і "Жукоўскім" і распаўсюдзяцца на тэрыторыі аэрапортаў і аэравакзальнага комплексу, а яшчэ на зоны бяспекі шырынёй не менш за 30 метраў ад будынка аэрапорта. Аэрапорта "Унукава" забароны не закрануць.
Што забараняецца:
- пакідаць рэчы без нагляду
- размяшчаць багаж на сядзеннях ў зале чакання
- катаць дзяцей на багажных калясках
- знаходзіцца ў аэрапорце больш за суткі без квітка
- мыцца, сціраць і пераапранацца ў прыбіральнях
- перасоўвацца на роліках і верхам на жывёлах
- слухаць музыку без навушнікаў
- сядзець на падлозе
- ляжаць на лаўках
"Для кантролю будуць працаваць інспектары рэгіянальнага адміністрацыйна-транспартнага ўпраўлення, яны і будуць займацца выяўленнем парушэнняў, складаннем пратаколаў і вынясеннем пастаноў.
Я не ведаю, як яны будуць дзяжурыць. Мы ж разумеем, што аэравакзал — гэта вельмі вялікая тэрыторыя, каб за кожным сачыць, трэба паставіць там тысячы наглядчыкаў, такога, вядома, не будзе. На ўсю залу там будзе чалавек пяць-дзесяць. За ўсімі ўсё роўна не ўсочыш, хтосьці памыецца ў прыбіральні і застанецца беспакараным, а другі чалавек пойдзе мыцца, і яго за гэтай справай заспеюць і аштрафуюць", — цытуе meduza.io дэпутата Масаблдумы Алега Грыгор'ева.
ЧС-2018 у Расіі пройдзе з 14 чэрвеня па 15 ліпеня. У Маскве будзе згуляна 12 матчаў, уключна з фіналам Чэмпіянату.