У Нарвежскім моры выяўлена ўцечка радыяцыі на месцы гібелі савецкай падлодкі
Савецкая атамная субмарына «Камсамолец» затанула ў 1989 годзе. На месцы яе гібелі выяўленая магчымая ўцечка радыяцыі, паведамляе нарвежскае тэлебачанне.
У Нарвежскім моры даследчыкі выявілі магчымую ўцечку радыяцыі на месцы гібелі савецкай атамнай падводнай лодкі K-278 «Камсамолец», паведаміў нарвежская тэлеканал TV2 увечары ў аўторак, 9 ліпеня.
У паведамленні гаворыцца, што 8 ліпеня спецыялісты з даследчага судна «G.O. Sars» узялі пробы вады з вентыляцыйнай трубы патанулай субмарыны. Папярэдняе даследаванне паказала, што ў адной з пробаў узровень радыяцыі ў 100 тыс. разоў перавышае ўзровень радыяцыі ў чыстай вадзе. У цэлым, даследчыкі ўзялі тры пробы вады, у дзвюх іншых пробах перавышэння ўзроўню радыяцыі не выяўлена.
Пагрозы рыбалоўству няма
Кіраўнік экспедыцыі Хільда Эліза Хельдал адзначыла, што гэта папярэднія вынікі, усе ўзоры будуць накіраваныя на дадатковую экспертызу пасля заканчэння экспедыцыі. Яна таксама падкрэсліла, што ўцечка радыяцыі не пагражае рыбалоўству ў гэтым раёне.
Атамная падводная лодка К-278 «Камсамолец» з падвышанай глыбінёй апускання затанула 7 красавіка 1989 года пасля пажару. З 69 членаў экіпажа загінулі 42 чалавекі. Рэактар падлодкі заглушылі, але ў тарпедных апаратах засталіся супрацьлодкавыя ракеты з ядзернай баявой часткай.
dw.com