У Пецярбургу ў межах святкавання юбілею Даўлатава адкрылі помнік сабаку пісьменніка. Арганізатара фестывалю забралі ў паліцыю

У Санкт-Пецярбургу ў межах фестывалю «Дзень Д» у гонар 80-годдзя Сяргея Даўлатава адкрылі помнік сабаку пісьменніка – фокстэр'еру Глашы, якая згадваецца ў многіх яго творах.

Фота: Алег Золата

Фота: Алег Золата

Сталёвую дошку з выразаным абрысам сабакі працы Вячаслава Бухаева ўрачыста адкрылі ў скверы Даўлатава на Загарадным праспекце, 1. Пакуль, падкрэслівалі арганізатары, помнік часовы — ён не прайшоў усе этапы ўзгаднення, паведамляе «Фонтанка».
Акрамя цырымоніі адкрыцця помніка ў скверы павінны былі адбыцца джазавае і паэтычнае выступленні, але іх не дала правесці паліцыя. Каля 10 чалавек у форме, распавялі «Новай газеце» відавочцы, запатрабавалі ад прысутных разысціся, заяўляючы, што «масавае мерапрыемства не ўзгоднена».
Арганізатара мерапрыемства Насту Прынцаву затрымалі за «правядзенне несанкцыянаванай акцыі» і павезлі ў аддзяленне.
«Новая газета» піша, што ўсе мерапрыемствы ў скверы ў межах фестывалю «Дзень Д» былі ўзгодненыя гарадской адміністрацыяй. У сваю чаргу «Фонтанка», спасылаючыся на «прысвечаных у арганізацыйныя пытанні», сцвярджае, што ўзгодненая была толькі цырымонія адкрыцця помніка, але не астатнія мерапрыемствы.
У Пецярбургу з 27 жніўня змякчылі шэраг абмежаванняў, уведзеных з-за пандэміі каронавіруса. У прыватнасці, дазволілі аднавіць працу аквапаркаў, забаўляльных устаноў і дзіцячых гульнявых пакояў у гандлёвых цэнтрах. Таксама быў дазволены доступ да 1000 гледачоў на спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы і правядзенне ўрачыстых, выставачных, дзелавых і іншых мерапрыемстваў з лікам удзельнікаў больш за 75 чалавек.
Паводле meduza.io