У Польшчы не хочуць прымаць наступныя Еўрапейскія гульні

Мэр Кракава рэзка раскрытыкаваў ідэю правядзення спаборніцтваў у сваім горадзе.

twitter.com/EOCmedia

twitter.com/EOCmedia

Скандал разгарэўся пасля таго, як кіраўнік польскага горада, у якім павінны адбыцца Еўрапейскія гульні-2023, нечакана адмовіўся фінансаваць падрыхтоўку да мерапрыемства.
— Мы не дапусцім сітуацыі, калі ў Кракаў прыедуць 12 тысяч чалавек, а мы будзем вымушаныя аплачваць іх знаходжанне, — заявіў мэр Кракава Яцэк Майхроўскі ў каментары Gazeta Wyborcza.
Кіраўнік горада прапанаваў правесці мясцовы рэферэндум, на якім жыхары змогуць выказаць сваё стаўленне да правядзення будучых Еўрапейскіх гульняў. Калі гараджане скажуць «не» спаборніцтвам, то арганізатары будуць вымушаныя перанесці іх у іншае месца.
— Так ужо зрабілі галандцы. Спачатку мы паглядзім на бюджэт, а потым будзем вырашаць наконт рэферэндуму. Калі жыхары горада акажуцца супраць, то ўлады будуць вымушаныя падпарадкавацца, — лічыць адзін з кракаўскіх актывістаў Томаш Лесняк.
На днях Кракаў, чыю заяўку прадстаўляў Нацыянальны алімпійскі камітэт Польшчы, выйграў права на правядзенне Еўрапейскіх гульняў у 2023 годзе — ён быў адзіным кандыдатам на правядзенне гэтага форуму.
Нагадаем, што меркаванне жыхароў Мінска аб мэтазгоднасці выдаткаў на правядзенне Еўрапейскіх гульняў ніхто не ўлічваў.
Паводле gazetaby.com