У Расіі затрымалі траіх чалавек, якія нібыта атрымалі асабістыя даныя меркаваных атрутнікаў Навальнага з ФСБ

У Маскве затрымалі Пятра Каткова, Аляксандра Зелянцова і Ігара Зайцава. Сілавікі сцвярджаюць, што яны нібыта за грошы шукалі асабістыя даныя прыватных асоб, а знойдзеныя імі звесткі потым выкарыстоўваліся ў адным з расследаванняў апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, паведамляе «Радыё Свабода».

Аляксей Навальны. Фота: ТАСС

Аляксей Навальны. Фота: ТАСС


Пра гэта паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на свае крыніцы.
Затрыманыя нібыта шукалі ў даркнэце «кліентаў», якім патрэбныя былі тэлефоны, адрасы або асабістыя даныя чалавека, але яны «не ведалі, што адным з іх кліентаў з'яўляецца Навальны».
Тэлеграм-канал «Baza» ўдакладняе, што пакуль «Зелянцоў шукаў кліентаў у даркнэце», Каткоў і Зайцаў займаліся падробкай пасьведчанняў супрацоўнікаў паліцыі і пастаноў суду, пасля чаго з «дапамогай гэтых дакументаў атрымалі білінг аператыўнікаў ФСБ, якія лёталі з Навальным».
«Калі паступала замова, Зайцаў разам з фальшывымі докамі хадзіў па салонах сувязі і атрымліваў патрэбныя білінгі. Усё б нічога, але аднойчы тройка, сама таго не разумеючы, узялася за вельмі небяспечнае заданне. Яно тычылася супрацоўнікаў ФСБ, якія лёталі разам з Навальным па Расіі», — піша «Baza».
Усім траім прад’яўленыя абвінавачанні паводле артыкулаў 327 КК РФ («Падробка, выраб або абарот падробленых дакументаў») і 138 КК РФ («Парушэнне таямніцы перапіскі або тэлефонных размоў»). Яны адпраўленыя пад хатні арышт.
Следства, як сцвярджаецца, таксама правярае прыватнае дэтэктыўнае агенцтва, якое ў 2020 годзе адкрылі Зелянцоў і Каткоў. «Цяпер следства правярае, ці выкарыстоўваліся магчымасці гэтай арганізацыі для атрымання зьвестак, якія потым выкарыстоўваў Навальны», — сказала крыніца выдання.