У РФ прызначылі дату суда над выкрадзеным украінцам Паўлам Грыбам
У Расеі на наступным тыдні суд пачне разгляд справы па сутнасці ўкраінскага палітвязня Паўла Грыба. Пра гэта паведаміў бацька ўкраінца Ігар Грыб на сваёй старонцы ў сацсетцы Facebook.
Пасяджэнне адбудзецца ў наступны панядзелак, 23 ліпеня ў Паўночна-Каўказскім акруговым ваенным судзе, паведамляе rbc.ua.
"23 ліпеня 2018 года ў 11:00 ў "Паўночна-Каўказскім акруговым ваенным судзе" г. Растоў-на-Доне пачнецца першае судовае пасяджэнне справы Паўла Грыба па сутнасці", — адзначыў бацька палітвязня.
Нагадаем, што 24 жніўня 2017 года на той момант 19-гадовага Паўла Грыба, які паехаў у Гомель на сустрэчу са знаёмай, выкралі супрацоўнікі ФСБ Расіі. Два тыдні аб дакладным месцазнаходжанні ўкраінца не было вядома. 7 верасня Генеральнае консульства Украіны ў Растове-на-Доне атрымала паведамленне ад ФСБ пра тое, што Павел Грыб змешчаны ў СІЗА Краснадара. У РФ украінца абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту ў адной са школ горада Сочы. 25 чэрвеня 2018 года адвакат Паўла паведаміла, што расследаванне справы Грыба завяршылі.
Украінскія медыкі заяўлялі, што Грыб пакутуе партальнай гіпертэнзіяй. Гэты дыягназ выключае яго знаходжанне ў установе, дзе яму не можа быць аказана спецыялізаваная медыцынская дапамога. 3 ліпеня 2018 года бацька Грыба Ігар распавёў, што падчас этапавання з Краснадара ў Растоў-на-Доне ягоны сын быў збіты іншымі вязьнямі, якія даведаліся, па якім артыкуле ён абвінавачваецца. У яго таксама забралі перададзеныя консуламі прадукты і рэчы. 5 ліпеня ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людміла Дзянісава адправіла ў апарат расійскага амбудсмена Таццяны Маскальковай зварот з нагоды стану здароўя Грыба і інфармацыі аб яго збіцці. Медыкі ў расійскім СІЗА не знайшлі сведчанняў збіцця Грыба, паведамілі 5 ліпеня ў Федэральнай службе выканання пакаранняў РФ.