У Славакіі забароняць выходзіць з дому і закрываюць крамы
У Славакіі анансавалі скарачэнне руху грамадскага транспарту, закрыццё басейнаў, фітнес-клубаў, музеяў, тэатраў, кінатэатраў і бібліятэк, паведамляе korrespondent.net

Фота: mynovohrad.sme.sk
Урад Славакіі прыняў рашэнне зрабіць больш жорсткім з 19 снежня нацыянальны каранцін. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі кіраўнік Міністэрства аховы здароўя краіны Марэк Крайчы.
"Пасля васьмігадзіннага абмеркавання ўрад прыняў рашэнне пра лакдаўн, неабходнасць якога падкрэслівалі ў апошнія дні медыкі. З 05:00 суботы 19 снежня абмяжоўваецца перамяшчэнне грамадзян, за выключэннем паездак на працу, наведвання медустаноў, аптэк, харчовых крамаў, а таксама сустрэч з бліжэйшымі сваякамі і прагулак у парках", — удакладніў міністр.
Пры гэтым з суботы ў крамы пакупнікоў дапусцяць у колькасці адзін чалавек на 25 квадратных метраў гандлёвай плошчы. Рэстаранам дазволяць прадаваць ежу і напоі толькі праз акно на вынас. Ужыванне алкаголю ў грамадскіх месцах таксама забароняць.
Акрамя таго, анансавана скарачэнне руху грамадскага транспарту, закрыццё басейнаў, фітнес-клубаў, музеяў, тэатраў, кінатэатраў і бібліятэк. Спаборніцтвы дазволяць праводзіць без гледачоў.
Кіраўніцтву прадпрыемстваў і арганізацый рэкамендавалі па магчымасці перавесці супрацоўнікаў на аддалены рэжым працы.
Што да калядных і навагодніх святаў, то, па рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя Славакіі, іх лепш адзначыць у вузкім сямейным коле.
Раней у лістападзе ў Славакіі правялі масавае тэставанне на каронавірус. За два этапы праверку прайшлі 3,8 мільёна чалавек, з якіх амаль 52 тысячы аказаліся інфікаваныя. Тэставалі ўсіх, акрамя дзяцей да 10 гадоў.