У Вільні каталіцкія манахі сілай зачынілі папулярны бар «7 fridays»
Манахі-францысканцы ўварваліся ў папулярны віленскі бар «7 fridays«» і акупавалі яго. Здарэнне адбылося зранку ў сераду, 9 жніўня.
Манахі ўварваліся ў бар разам з ахоўнікамі і запатрабавалі ад работнікаў пакінуць памяшканне. Калі работнікі адмовіліся сысці, іх літаральна вынеслі з бара, піша ru.delfi.lt. Адразу пасля гэтага манахі паставілі на дзвярах краты, памянялі замкі, каб работнікі не маглі трапіць у памяшканне.
Уладальнік і дырэктар бара Арунас Клібас кажа, што работнікі паспелі прыгатаваць абеды, да таго ж, гэтая ўстанова пастаўляе ежу дзіцячым дзённым лагерам. Аднак бар захапілі манахі. Паліцыі, якая прыбыла на выклік, манахі паказалі дакументы, паводле якіх яны з'яўляюцца ўладальнікамі памяшкання, таму паліцыя адмовілася іх выганяць.
У памяшканні акрамя бара знаходзіцца гатэль, які належыць таму ж арандатару. Цяпер пяць замежнікаў, жыхароў гатэля, не могуць трапіць у свае нумары. Не маюць арандатары доступу да выручкі (тысяча еўра), абсталявання, рэчаў работнікаў.
Бар і гатэль знаходзяцца ў комплексе францысканскага кляштара. У сакавіку 2017 года літоўскі ўрад перадаў комплекс манастыру ордэна Малодшых братоў канвентуалаў (францысканцаў).
У 2016 годзе Клібас узяў памяшканне ў арэнду на 5 гадоў, гэтая дамова яшчэ мае юрыдычную сілу. «Яна падпісаная з дзяржавай, канкрэтна — з Фондам маёмасці. Урад вырашыў вярнуць памяшканне польскаму манастыру, мы ведалі, што нас хочуць выселіць, мы абскардзілі гэтыя дзеянні ў судзе. Толькі суд можа нас выселіць, але суд яшчэ не вынес рашэнне», — тлумачыць арандатар.
Клібас кажа, што з манахамі было вуснае пагадненне, што яны застануцца ў памяшканні да 1 лістапада 2017 года. Аднак манахі вырашылі не прытрымлівацца дамовы.
Паводле euroradio.fm