У Бангладэш зноў забілі блогера
У сталіцы Бангладэш невядомыя жорстка расправіліся з інтэрнэт-актывістам. Гэта адбылося праз месяц пасля забойства іншага вядомага блогера.
Чарговае забойства блогера адбылося ў сталіцы Бангладэш горадзе Дака. 27-гадовы Вашыкур Рахман Бабу быў зарэзаны невядомымі раніцай у панядзелак, 30 сакавіка, непадалёк ад свайго дома.
Рахман пісаў крытычныя ў адносінах да ісламу матэрыялы пад імем "Гадкае качаня". Паліцыя ўжо затрымала двух вучняў медрэсэ, якія, па паведамленнях мясцовых СМІ, прызналіся ў забойстве, назваўшы матывам сваіх дзеянняў "абразу ісламу". Трэці нападнік змог схавацца.
Забойствы на рэлігійнай глебе здзяйсняюцца ў Бангладэш рэгулярна. Напрыканцы лютага ў Дака зарэзалі блогера Авіджыта Роя, які быў грамадзянінам ЗША і прытрымліваўся атэістычных поглядаў. Узброеныя мачэтэ невядомыя напалі на яго, калі ён з жонкай вяртаўся з кніжнага кірмашу. Дзяўчына атрымала сур'ёзныя раненні, але выжыла. Праз некалькі дзён быў затрыманы падазраваны ў забойстве.
У 2013 годзе ісламістамі ў Бангладэш быў забіты яшчэ адзін блогер-атэіст Ахмед Раджыд Хайдер. У адказ на гэта дзясяткі тысяч людзей выйшлі на акцыі пратэсту. У той жа час радыкальныя ісламісты таксама выйшлі на вуліцы з заклікамі пакараць смерцю інтэрнэт-актывістаў, чые паведамленні яны лічылі зняважлівымі для Бога.