У Кіеве адбылося шматтысячнае шэсце з паходнямі памяці Бандэры

Украіна 1 студзеня адзначае дзень нараджэння Сцяпана Бандэры — правадыра Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) у 1930—50-я гады. Яго постаць па-ранейшаму моцна падзяляе грамадства. Нацыянальныя сілы яго шануюць, а камуністы і прарасійскія — ненавідзяць.



bandera.jpg

Падзеленыя ў яго ацэнцы і гісторыкі. З аднаго боку, ён узначаліў узброеную барацьбу за незалежнасць Украіны спачатку супраць палякаў, пасля проці нацыстаў і саветаў. З другога боку, ягоная арганізацыя выкарыстоўвала тэрарыстычныя метады. У вайне супраць палякаў АУН распаўсюдзіла тэрор на мірнае насельніцтва. Некаторы перыяд АУН супрацоўнічала з нямецкімі нацыстамі. Урэшце, праўда, немцы адправілі кіраўнікоў АУН, у тым ліку Бандэру, у канцлагер, калі яны паспрабавалі абвясціць Украіну незалежнай.
Бандэру ўдалося зрабіць украінскі незалежніцкі рух масавым і папулярным.
Бандэру забіў агент савецкага КГБ, які пасля раскаяўся і перабег на Захад.
Прэзідэнт Юшчанка надаў Бандэру званне Героя Украіны. Януковіч гэты ўказ адмяніў.
У Дзень Бандэры нацыяналістычнае аб'яднанне «Свабода» разам з іншымі правымі партыямі і суполкамі арганізоўваюць мітынгі і шэсці ў розных гарадах Украіны. У шэсці з паходнямі — па-ўкраінску смолоскіпы — у Кіеве сёлета ўзяло ўдзел некалькі тысяч чалавек.
Украінскія нацыяналісты ўшаноўваюць чырвона-чорны сцяг АУН побач з дзяржаўным, жоўта-блакітным.
У парламент Украіны гэтага склікання ўпершыню за доўгі час прайшла партыйным спісам праванацыяналістычная партыя «Свабода», прычым яна цяпер набірае істотны працэс галасоў не толькі на захадзе — калысцы АУН, але і ў цэнтры краіны.


nn.by