«У нас ёсць піва і галёнка»

Чаму менавіта Чэхію амаль паўмільёна замежнікаў абралі ў якасці новага месца жыхарства?



praga_2_51.jpg

Прага

Прага зрабілася ў жо цэнтрам вьетнамскага бізнесу ва ўсёй Еўропе. Аднак прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў таксама не абмінаюць гасцінную краіну. З’явіўся нават своеасаблівы падзел па галінах: украінцы спецыялізуюцца на будаўніцтве ды земляробстве, манголы – на вырабах са скуры і г.д.

Акрамя Прагі, найбольшай папулярнасцю ў імігрантаў карыстаюцца Карлавы Вары, а таксама буйныя прамысловыя гарады, дзе прасцей знайсці працу: Брно і Пльзень. Агулам зараз дазвол на сталы побыт у Чэхіі маюць амаль 450 тысяч замежнікаў.

Натуральна, існуе і нелегальная іміграцыя. Менавіта праз гэта працэдура атрымання дазволу на жыхарства ў Чэхіі апошнім часам ускладнілася. Раней, каб атрымаць яго, было дастаткова пакласці на рахунак у банку пэўную сумму. Некаторыя фірмы стварылі на гэтым цэлы бізнэс: пазычалі грошы тым, хто хацеў перабрацца ў Чэхію, а потым атрымлівалі іх назад з адсоткамі і платай за паслугі.

Каб спыніць падобныя аферы, улады зрабілі больш жорсткім іміграцыйнае заканадаўства. У выніку падоўжыліся тэрміны разгляду хадайніцтваў пра дазвол на сталы побыт. Але ўсё гэта не зменшыла колькасць тых, хто жадае перабрацца ў Чэхію.

Дзеля параўнання: агульная колькасць насельніцтва Беларусі і Чэхіі розніцца не істотна — адпаведна, каля 9,5 і каля 10,5 мільёнаў. Аднак іншаземцаў, якія стала жывуць у нашай краіне амаль утрая менш — 153 тысячы, паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў. З іх больш за 80% — грамадзяне Расіі і Украіны.

Чаму Чэхія значна больш прывабная для імігрантаў, чым Беларусь? Спачатку карэспандэнт «Заўтра тваёй краіны» задаў гэтае пытанне мінакам на вуліцах Прагі.

— У нас ёсць піва і галёнка, — жартам адказаў каларытны бізнесмэн Здэнэк. Астатнія стандартна сыходзіліся на тым, што «наша краіна — прыгожая і спакойная». Але прыкладна тое ж самае можна сказаць пра Беларусь. І піва ў нас таксама не забароненае (айчынны прадукт, праўда, не найлепшай якасці, аднак ніхто не замінае спажываць у Беларусі прадукцыю чэшскіх бровараў).

Давялося звярнуцца да спецыялістаў.

gabal.jpg

— Чэхія ляжыць на геапалітычным скрыжаванні, — тлумачыць «Заўтра тваёй краіны» сацыёлаг Іван Габал. – Іншаземцы настроеныя на інтэграцыю ў чэшскае грамадства. У іх няма нагоды арганізоўваць тут анклавы.

— У нас ужо заходні ўзровень жыцця, — дадае супрацоўнік іміграцыйнага аддзелу Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі Павел Дымеш. — Але шмат што танней і прасцей, чым у краінах Заходняй Еўропы.

Аднак не для ўсіх пераезд у Чэхію абумоўлены эканамічнымі меркаваннямі. Шмат людзей атрымалі тут палітычны прытулак.

dymesh.jpg

— Салідарнасць, спачуванне, разуменне, – гэта нашы прынцыпы, — кажа Павел Дымеш. Цікава, ці можна хаця уявіць сабе падобныя словы з вуснаў прадстаўніка МУС Беларусі?

А словамі справа ў дадзеным выпадку не абмяжоўваецца. Тут не толькі прымаюць тых, хто ўжо дабраўся да Чэхіі, але часам і арганізуюць выезд для тых, хто вымушаны бегчы ад палітычнага пераследу на радзіме. Так, каб выратаваць апазіцыянераў з М’янмы, спланавалі і ажыццявілі цэлую аперацыю, напрыканцы якой чэшскі ўрад забраў уцекачоў да сябе з Малайзіі.

Амаль у кожным міністэрстве працуе аддзел, які займаецца падтрымкай і кантролем іміграцыйных працэсаў. Існуюць спецыяльныя праграмы ўраду і недзяржаўных арганізацый па раздзелу іміграцыйных патокаў.

Чэхія насамрэч зацікаўленая ў іміграцыі, бо ўжо зараз у краіне існуе недахоп высокакваліфікаваных спецыялістаў, а да 2030 году, паводле некаторых прагнозаў, ён перавысіць 420 тысяч чалавек. Беларусь сутыкаецца з гэткай жа праблемай. Аднак канкурэнцыю за працоўную сілу выйграе Чэхія, якая не толькі дэкларуе, што гатовая прыняць разумных і працавітых, а робіць рэальныя крокі дзеля гэтага. Ну і, канешне, прывабнасць краіны падвысілася пасля таго, як яна далучылася да Еўрасаюзу.

Матэрыял падрыхтаваны ў межах ініцыятывы «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю» пры падтрымцы фонду DANIDA

zautra.by