У Нігерыі затрыманы расійскі самалёт са зброяй на борце
Улады Нігерыі затрымалі расійскі грузавы самалёт і яго экіпаж, які гаворыць па-французску. Самалёт здзейсніў вымушаную пасадку ў горадзе Кано на поўначы Нігерыі. На яго борце была знойдзеная незадэклараваная зброя.

Камандаванне нігерыйскіх ваенна-паветраных сілаў пацвердзіла затрыманне самалёта, але іншых падрабязнасцяў не паведаміла.
Самалёт накіроўваўся са сталіцы Цэнтральнаафрыканскай рэспублікі горада Банга ў сталіцу Чада горад Нджамена, але быў вымушаны здзейсніць пасадку ў Кано ў сувязі з часовым закрыццём аэрапорту Нджамены.
На борце расейскага самалёта знаходзіліся два верталёты, браніраваны пазадарожнік і скрыні, як мяркуецца, са зброяй.
Пяцёра чальцоў экіпажу затрыманыя для допыту і расследавання абставінаў незаконнай перавозкі ваенных грузаў і ўстанаўлення іх атрымальнікаў.