У сталіцы Канады ідзе антытэрарыстычная аперацыя
Злачынца страляў па салдатам ганаровай варты каля Мемарыяла канадцам-героям Першай сусветнай вайны. Пасля цяжкага ранення адзін вайсковец сканаў. Агулам вядома пра тры месцы ў Атаве, дзе невядомыя адкрылі стральбу.
У цэнтры Атавы некалькі зламыснікаў адкрылі стральбу. Двое з іх былі забітыя паліцыяй. Яшчэ адзін быў затрыманы. Вядзецца пошук іх магчымых саўдзельнікаў.
Як удакладняе паліцыя, стралялі побач з парламентам краіны, Нацыянальным ваенным мемарыялам непадалёк ад парламента і ў гандлёвым комплексе Rideau Centre. Падрабязнасці і колькасць пацярпелых не прыводзяцца.
Вядома, што злачынца ў масцы страляў па салдатам ганаровай варты каля Мемарыяла канадцам-героям Першай сусветнай вайны. Пасля цяжкага ранення адзін вайсковец сканаў.
Адразу пасля інцыдэнту паліцыя ўзмацніла ахову комплексу будынкаў парламента, які знаходзіцца паблізу.
Акрамя таго, былі эвакуіраваны наведвальнікі і служачыя з размешчанага побач гандлёвага цэнтра. Перакрытыя ўсе прылеглыя аўтамабільныя дарогі. Аперацыя па пошуку злачынцы ідзе па ўсёй Атаве. Зачыненыя ўсе ваенныя базы на тэрыторыі Канады і паліцэйскія ўчасткі ў сталіцы. Універсітэт Атавы спыніў заняткі.
Інцыдэнт адбыўся праз два дні пасля таго, як у горадзе Сэн-Жан-сюр-Рышэлье канадзец, які вызнаваў радыкальны іслам, на сваім аўтамабілі збіў двух вайскоўцаў. Ён спрабаваў схавацца ад пераследу, але паліцыянты застрэлілі падазраванага.
У звязку з гэтымі падзеямі ў Атаве праводзіцца антытэрарыстычная аперацыя.