У Жэневе пройдуць перамовы па Сірыі

У Жэневе павінны пачацца новыя перамовы па мірным урэгуляванні канфлікту ў Сірыі.



9e1210eb_3996_4e63_9dd7_125e953089a6_w640_r1_s_cx0_cy1_cw0.jpg

Сірыя. Паранены хлопчык чакае ўнутры палявога шпіталя пасля авіяўдараў і артылерыйскіх абстрэлаў у Дамаску. 22 красавіка 2015 года

Пасланец ААН Стафан дэ Містура сустрэнецца з прадстаўнікамі сірыйскага ўраду і некаторых паўстанцкіх групаў, а таксама дыпламатамі іншых краінаў рэгіёну, у прыватнасці Турцыяй і Іранам.

Як паведамляе ВВС, ісламісцкія групы баевікоў, такія як «Ісламская дзяржава» і «Фронт Ан-Нусра», не запрошаныя да ўдзелу ў перамовах, нягледзячы на тое, што яны кантралююць некаторыя тэрыторыі.

Першая канферэнцыя ў Жэневе ў чэрвені 2012 году скончылася рамачным пагадненнем, якое так і не ўвасобілі ў жыццё.

Другая сустрэча ў студзені 2014 году завяршылася без дамоўленасцяў.

Цяперашнія перамовы, у адрозненне ад двух папярэдніх раўндаў у Швейцарыі, лічацца хутчэй кансультатыўнымі.

Тым часам праваабаронцы абвінавачваюць урадавыя войскі і паўстанцаў у ваенных злачынствах у горадзе Алепа.

Amnesty International у сваім новым дакладзе заявіла, што ў горадзе «штодня» здзяйсняліся «жудасныя ваенныя злачынствы і іншыя парушэнні». Таксама сказана, што з абодвух бакоў «шырока распаўсюджаныя» катаванні, затрыманні і выкраданні.

У нядзелю прынамсі 10 чалавек, у тым ліку чацьвёра дзяцей, загінулі ад удару барэльнымі бомбамі па дзіцячым садзе. Прэзідэнт Сірыі раней катэгарычна адмаўляў выкарыстанне гэтага тыпу ўзбраенняў.

Грамадзянская вайна ў Сірыі працягваецца з сакавіка 2011 году. З-за канфлікту загінулі больш за 220 000 чалавек, каля чатырох мільёнаў афіцыйна сталі уцекачамі.

www.svaboda.org