Uber падманвае ўлады з дапамогай сакрэтнай праграмы?
Кампанія Uber на працягу некалькіх гадоў сочыць за паліцыянтамі і чыноўнікамі і не дае ім магчымасці карыстацца дадаткам. Такім чынам у кампаніі змагаюцца з «падсаднымі» пасажырамі і кантрольнымі паездкамі ў гарадах, дзе ўлады перашкаджаюць дзейнасці Uber.
Фота technobuffalo.com
Аб праграме, якая атрымала назву VTOS (ад Violation of Terms of Service, парушэнне правілаў карыстання), паведаміла The New York Times са спасылкай на ананімныя крыніцы ў Uber, піша meduza. Паводле інфармацыі NYT, з 2014 года VTOS ужывалася ў ЗША, Францыі, Аўстраліі, Кітаі і Паўднёвай Карэі.
У рамках VTOS кампанія ўжывае розныя тэхналогіі сачэння, каб выявіць непажаданых асоб і зрабіць так, каб яны не маглі выклікаць таксі праз прыкладанне Uber. Да прыкладу, мабільныя тэлефоны супрацоўнікаў паліцыі і гарадскіх чыноўнікаў маглі адсочвацца з дапамогай дадзеных, якія прыкладанне збірае аб кліентах. Так, кампанія «баніла» тэлефоны людзей, якія рэгулярна з'яўляліся ў будынках паліцэйскіх участкаў або органаў улады. Уладальнікаў гэтых тэлефонаў прыкладанне з дапамогай адмысловай праграмы пад назвай Greyball запэўнівала, што машын паблізу няма, альбо паказвала «фэйкавыя» машыны, якія заўсёды скідалі паездку.
Для барацьбы з кантрольнымі паездкамі Uber стараўся вызначаць «аднаразовыя» тэлефоны, якія праваахоўныя органы часта выкарыстоўваюць для правядзення падобных аперацый.
Па здагадцы экспертаў, апытаных NYT, дзеянні кампаніі можна ахарактарызаваць як махлярства з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій або стварэнне перашкодаў правасуддзя.