Удзельніцы Pussy Riot затрыманыя пасля акцыі ў Якуцку
У Якуцку паліцыя затрымала ўдзельніц групы Pussy Riot Марыю Алёхіну і Вольгу Барысаву. Гэта здарылася на наступны дзень пасля акцыі ў падтрымку асуджанага рэжысёра Алега Сянцова.
Алёхіну і Барысаву затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння — правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства.
Аб тым, што здарылася Алёхіна распавяла "Медиазоне". Яна таксама пацвердзіла гэта Рускай службе Бі-бі-сі.
"Затрымалі машыну, у якой мы ехалі. Сядзім у аддзяленні", — распавяла яна пазней Інтэрфаксу.
Напярэдадні Pussy Riot правялі акцыю ў Якуцку — непадалёк ад папраўчай калоніі №1, дзе знаходзіцца Сянцоў, на мосце праз возера Сайсары. Яны разгарнулі вялікі плакат з надпісам "Free Sentsov".
"Справа Сянцова і Кольчанка — адна з галоўных і ключавых палітычных спраў у гісторыі нашай краіны", —тлумачыла Алёхіна.
У жніўні 2015 года Паўночнакаўказскі акруговы ваенны суд прыгаварыў украінскага рэжысёра Алега Сянцова да 20 гадоў калоніі строгага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у стварэнні тэрарыстычнай групы, здзяйсненні двух тэрактаў у Крыме і падрыхтоўцы яшчэ двух, а таксама ў незаконным абароце зброі і выбухоўкі.
Разам з ім да 10 гадоў калоніі прысудзілі левага актывіста Аляксандра Кольчанку. Яны абодва сваю віну не прызнаюць, лічаць суд палітычна матываваным, а доказы — сфальсіфікаванымі. Сянцоў заяўляў, што яго пасля арышту збівалі і катавалі.