Удзельнік Pussy Riot Пётр Вярзілаў трапіў у рэанімацыю: ён страціў зрок, магчымасць размаўляць і хадзіць

Удзельнік гурта Pussy Riot і выдавец «Медыазоны» Пётр Вярзілаў вечарам 11 верасня трапіў у бальніцу ў цяжкім стане. Пра гэта распавяла ўдзельніца Pussy Riot Вераніка Нікульшына.

Пётр Вярзілаў. Фота: НОВАДЗЯРОЖКІН АНТОН/TASS

Пётр Вярзілаў. Фота: НОВАДЗЯРОЖКІН АНТОН/TASS

Вярзілаў быў дастаўлены ў таксікарэанімацыйнае аддзяленне бальніцы.
Па словах Нікульшынай, Вярзілаву стала кепска неўзабаве пасля пасяджэння суда, дзе разглядалася заведзеная супраць яго адміністрацыйная справа.
У Вярзілава, распавядае Нікульшына, пачаліся праблемы са зрокам, ён пачаў губляць здольнасць размаўляць, а потым і хадзіць.
Калі прыехала «хуткая», ён на ўсе пытанні адказваў, што «не, нічога не еў, не прымаў рэчывы». «Яму ўсё хутчэй станавілася горш, пачаліся сутаргі. Па шляху ў машыну хуткай у яго пачалося ўжо трызненне», — паведаміла яна «Мядузе».
«Урач сказала, што стан цяжкі, дынаміка станоўчая, ён стаў рэагаваць на імя», — распавяла яна.
Удзельніца Pussy Riot Вольга Пахтусава таксама пацвердзіла Бі-бі-сі інфармацыю аб шпіталізацыі Вярзілава, у тым ліку і тое, што да яго пакуль не пускаюць маці.
«Наогул абсалютна ніхто нічога не ведае, з мамай мы на сувязі, мы знайшлі чалавека, юрыста па медыцынскім заканадаўстве, які будзе суправаджаць яе заўтра, калі нічога не зможам зрабіць сёння», — сказала яна.
У самым аддзяленні бальніцы Бі-бі-сі заявілі: «Мы не размаўляем з журналістамі».
Паводле bbc.com