Украінскі Жырыноўскі

Апошнім часам на могілках Кіева стала больш людзей. Справа ў тым, што гарадская мэрыя запланавала ўвесці платны ўваход на могілкі. Такса — дзесяць грыўняў (прыкладна адзін долар). Для студэнтаў і пенсіянераў — скідка 50 працэнтаў. Аўтарам гэтай на першы погляд экзатычнай ідэі (пракуратура, праўда, пазней прызнала яе супярэчнай закону) з’яўляецца гарадскі галава Леанід Чарнавецкі (у палітычных і журналісцкіх колах яго называюць Лёня Космас). Апошнім часам, дзякуючы незвычайным заканадаўчым актам і шакіруючым заявам, ён заслужыў рэпутацыю ўкраінскага Жырыноўскага.



fe131d7f5a6b38b23cc967316c13dae2.jpg

Апошнім часам на могілках Кіева стала больш людзей. Справа ў тым, што гарадская мэрыя запланавала ўвесці платны ўваход на могілкі. Такса — дзесяць грыўняў (прыкладна адзін долар). Для студэнтаў і пенсіянераў — скідка 50 працэнтаў. Аўтарам гэтай на першы погляд экзатычнай ідэі (пракуратура, праўда, пазней прызнала яе супярэчнай закону) з’яўляецца гарадскі галава Леанід Чарнавецкі (у палітычных і журналісцкіх колах яго называюць Лёня Космас). Апошнім часам, дзякуючы незвычайным заканадаўчым актам і шакіруючым заявам, ён заслужыў рэпутацыю ўкраінскага Жырыноўскага.
«Я буду зарабляць мільён долараў у дзень. Хто спявае лепш за мяне? Толькі Бог».
Леанід Чарнавецкі пра будучыя маштабы продажу дыску, які ён збіраецца запісаць

Леанід Чарнавецкі нарадзіўся ў 1951 годзе. Вырас у Харкаве. Фактычна ягоны шлях ва ўладу пачаўся ў 1970 годзе, калі Леаніда забралі войска. Ён служыў у частках унутраных войскаў, адкуль яго накіравалі вучыцца ў элітны Харкаўскі юрыдычны універсітэт. Гэта быў амаль што адзіны выпадак у гісторыі савецкай арміі. Сам Чарнавецкі ў сваёй біяграфіі піша, што права вучыцца ў ВНУ яму дасталася «за добрую службу». Апаненты сцвярджаюць, што сваім паступленнем ён абавязаны бурнаму раману з Алінай — дачкой генпракурора Кіеўскай вайсковай акругі. Атрымаўшы дыплом юрыста, Чарнавецкі нейкі час працаваў следчым у Кіеве, потым паступіў у аспірантуру, зрабіў акадэмічную кар’еру — стаў прарэктарам мясцовага універсітэта. У часы незалежнасці ён сышоў у бізнес. Зарабіўшы першыя грошы на продажы кватэр, Чарнавецкі заснаваў свой банк. Пазней стаў дэпутатам Вярхоўнай Рады ад Нашай Украіны. У 2006-м яго абралі мэрам.
«Зараз шмат хто хоча жабак-нябожчыкаў на могілках хаваць. Калі ласка. Помнік жабе можна замовіць у нас за тысячу долараў. І ўсё. Жаба будзе ведаць, што пражыла жыццё не дарма»
Леанід Чарнавецкі пра арганізацыю ў Кіеве могілак для жывёл

Перамога Чарнавецкага стала сенсацыяй. Даследуючы механізм ягонай перамогі, праціўнікі хутка высветлілі, што электаральная база Чарнавецкага — пенсіянеры, асабліва старыя бабулькі. За некалькі гадоў да выбараў яны рэгулярна атрымлівалі ад яго паёк танных прадуктаў. За раздачу пайкоў былі адказныя спецыяльныя брыгадзіры, пад наглядам якіх знаходзіліся звычайна 3–4 дамы. Брыгадзіры павінны былі не толькі раздаваць ежу, але і цікавіцца побытавымі патрэбамі кліентуры. Банк Чарнавецкага, напрыклад, браў на сябе аплату дробных рамонтаў. Дзякуючы мабілізацыі гэтай часткі электарату ў дзень выбараў Чарнавецкі і стаў мэрам.
«Да новага года прадаць усё жывое, што рухаецца і возіць жонак маіх намеснікаў і кіраўніцтва на рынкі, дзяцей у школу, замест таго, каб працаваць на жыхароў Кіева».
Леанід Чарнавецкі пра аўкцыён па продажу аўтамабіляў адміністрацыі

Хутка ў мэра Чарнавецкага з’явіліся праціўнікі ў асобе славутага баксёра Віталя Клічко, які падаўся ў палітыку, і Юліі Цімашэнка. Яны разгарнулі кампанію за адстаўку мэра, крытыкуючы перш за ўсё яго практыку некантраляванага распродажу камунальнай зямлі. Аднак нечакана на бок Лёні стаў прэзідэнт Юшчанка і яго Наша Украіна. Увесну 2008 года падчас аднаго з урадавых крызісаў фракцыі Юшчанкі былі патрэбныя галасы дэпутатаў Блоку Юліі Цімашэнка (БЮТ). Апошнія былі не супраць падтрымаць Нашу Украіну, аднак выставілі ўмову: абвесціць пазачарговыя выбары кіраўніка кіеўскай адміністрацыі. Юшчанка пагадзіўся. Рада прыняла адпаведны ўказ. Выбары прайшлі. Аднак у выніку Чарнавецкі перамог. І зноў за кошт галасоў пенсіянераў. «Выратуй Кіеў, схавай пашпарт бабулі», — жартавалі ў прэсе напярэдадні дня выбараў.
«Паслухайце, што там адбывацца: палову моргу здалі для багатых, і ў гэтых моргах іх трымаюць у такім камфорце. Яны хутка ператварацца ў жывых. Там кандыцыянеры, халадзільнікі, месцы на могілках».
Леанід Чарнавецкі пра карупцыю ў сектары рытуальных паслуг

Бабулькі (мэр называе іх «любімыя бабулькі») апошнім часам сталі класам-гегемонам у Кіеве. Спасылаючыся на тое, што ён — прадстаўнік інтарэсаў бабуль, мэр запусціў шэраг эксцэнтрычных рэформаў. Напрыклад, уводзіцца тэлефонная служба платных кансультацый ветэрынараў. Мэр лічыць, што яна павінна прынесці мільярд грыўняў. У кіеўскім заапарку адпаведна спецыяльнаму загаду мэра будуць прадавацца матрошкі з фізіяноміямі палітыкаў. «Заапарк будзе напоўнены грашыма да адказу», — прагназуе гарадскі галава. Усе зробленыя дзяцьмі дзіцячых садкоў на творчых занятках фігуркі будуць ісці на спецыяльныя кірмашы. Чарнавецкі прапануе забіраць у старых адзінокіх пенсіянераў кватэры, прадаваць іх, а былых гаспадароў адпраўляць у пансіёны. Аналітыкі звязваюць выбух актыўнасці мэра з вялікай дзіркай, якая ў выніку ягонай дзейнасці з’явілася ў гарадскім бюджэце. Так ці інакш, зняць яго з пасады фактычна немагчыма. Гэта робіць Чарнавецкага як палітыка з моцным фінансавым рэсурсам (Кіеў — самы багаты горад Украіны) салідным акцёрам на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Калі, натуральна, да гэтага часу ён не даканае горад сваімі рэформамі ў імя любімых бабуляў.
«Вы жадаеце пабіць Клічко?»
Леанід Чарнавецкі ў звароце да сваіх прыхільнікаў, якімі галоўным чынам былі  бабулі