Украіна. Доктар Хаўс вылечыць народ?
Вялікі рэзананс выклікалі ва Украіне парады ад Міністэрства аховы здароўя, што на поўным сур’ёзе прапануе медыкам глядзець медыцынскія серыялы.
![30668.jpg 30668.jpg](/img/v1/images/30668.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аказваецца, яны могуць быць «не проста прыемным заняткам, але і карысным фарматам навучання». Як піша міністэрства, «героі медыцынскіх серыялаў ўжываюць не толькі папулярныя гутарковыя фразы, але і карыстаюцца медыцынскай тэрміналогіяй, вядуць дыялогі з пацыентамі і гэтак далей. Паступова вы будзеце ведаць шмат новых слоў і выразаў, а таксама навучыцеся хутка арыентавацца ў кантэксце фільмаў», — цытуе прэса парады міністэрства.
Рэкамендацыя выклікала шквал жартаў. Людзі смяюцца, уяўляючы розныя сітуацыі — напрыклад, экзамены ў медыцынскую ВНУ, дзе ад абітурыента патрабуюць пераказаць 12-ы эпізод трэцяга сезона «Доктара Хаўса». Або рэцэпт лекара асабліва цяжкім хворым, у якім пазначаная інтэрнэт-спасылка на серыял «Рэанімацыя».
Праўда, таго дакумента пакуль ніхто не бачыў. Пра яго распавёў губернатар Закарпацкай вобласці Генадзь Маскаль — жорсткі крытык цяперашняга кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Ульяны Супрун.
З іншага боку, паколькі раней Супрун заклікала лячыць рак усмешкамі, Маскалю ўкраінцы ахвотна вераць.
Паводле ўкраінскай прэсы