Украіна, Грузія і Малдова запусцілі «Асацыяванае трыа» для пашырэння супрацоўніцтва ў пытаннях еўрапейскай інтэграцыі

Кіраўнікі ўкраінскай, грузінскай і малдаўскай дыпламатыі сёння падпісалі адпаведны мемарандум, паведамляе Міністэрства замежных спраў Украіны.

mfa.gov.ua

mfa.gov.ua

Намеснік прэм'ер-міністра, міністр замежных спраў Грузіі Давід Залкаліяні і в.а. прэм'ер-міністра, міністр замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі Рэспублікі Малдова Аўрэліу Чакой наведалі Украіну з сумесным візітам па запрашэнні міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебы.
Міністры замежных спраў Украіны, Грузіі і Малдовы падпісалі Мемарандум «Асацыяванае трыа» — трохбаковы фармат для пашырэння супрацоўніцтва ў пытаннях еўрапейскай інтэграцыі. Дакумент падкрэслівае еўрапейскія памкненні трох асацыяваных партнёраў ЕС і іх амбіцыі стаць членамі Еўрапейскага саюза.
«Асацыяванае трыа адлюстроўвае дакладную пазіцыю нашых трох еўрапейскіх краін: Украіна, Грузія і Малдова з'яўляюцца неад'емнай часткай аб'яднанай Еўропы і імкнуцца далучыцца да Еўрапейскага саюза», — сказаў кіраўнік украінскай дыпламатыі.
Зноў створаны фармат забяспечвае ўзмоцненую каардынацыю дзейнасці міністэрстваў замежных спраў у сферы еўрапейскай інтэграцыі.
Дакумент таксама спасылаецца на жаданне Украіны, Грузіі і Малдовы пашырыць магчымасці пагадненняў аб асацыяцыі, садзейнічаць збліжэнню сектараў з ЕС і паступовай інтэграцыі ва ўнутраны рынак Еўрапейскага саюза.
«"Асацыяванае трыа" падкрэслівае асаблівую ролю і статус трох асацыяваных партнёраў у адносінах з ЕС», — сказаў Дзмітрый Кулеба.
«Асацыяванае трыа» засяродзіць увагу на стратэгічнай будучыні ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства», уключаючы падрыхтоўку да яго саміта гэтай восенню.
«Украіна, Грузія і Малдова перакананыя, што "Усходняе партнёрства" патрабуе стратэгічнага абнаўлення. Неабходна ставіць амбіцыйныя мэты, якія належным чынам улічваюць еўрапейскія памкненні ўсходніх партнёраў і іх патэнцыял у больш глыбокіх адносінах з ЕС», — падкрэсліў міністр замежных спраў Украіны.
Дзмітрый Кулеба, Давід Залкаліяні і Аўрэліу Чакой таксама абмеркавалі пытанні ўмацавання рэгіянальнай бяспекі, якая патрабуе павышанай увагі ў рамках «Усходняга партнёрства».