Улады Украіны дапусцілі абмен кума Пуціна на ўкраінскіх палітвязняў

Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў дапусціў магчымасць абмена лідара партыі «Апазіцыйная платформа — За жыццё» (ОПЗЖ) Віктара Медведчука, падазраванага ў дзяржаўнай здрадзе, на асуджаных у Расіі украінцаў. Пра гэта ён паведаміў у эфіры тэлеканала «Украіна 24».

Фота: прэс-служба Крамля

Фота: прэс-служба Крамля

Данілава спыталі, ці можа Кіеў прапанаваць Маскве абмяняць сябраў ОПЗЖ на ўкраінскіх палітвязняў у выпадку, калі першым з іх вынесуць прысуд.
«Гэта рашэнне аб абмене прымае Прэзідэнт Украіны. Я думаю, што, калі будзе такая магчымасць, мы ахвотна гэта зробім», — адказаў Данілаў (цытата паводле УНІАН).
Раней улады Украіны западозрылі лідара ОПЗЖ Віктара Медведчука і яго паплечніка па партыі Тараса Козака у дзяржаўнай здрадзе. Генпракурор Украіны мяркуе, што падазраваныя маглі прызнаваць Крым часткай Расіі, спрыяць перадачы каштоўных дакументаў, якія тычацца ўкраінскіх нетраў, а таксама раскрываць звесткі, якія змяшчаюць дзяржтаямніцу.
13 траўня суд у Кіеве адправіў Медведчука пад хатні арышт. Медведчук распавёў, што Козак знаходзіцца на лячэнні ў Беларусі. Пры гэтым Служба бяспекі Украіны (СБУ) лічыць, што Козак з'ехаў у Расію і не плануе вяртацца. У сакавіку «Новая газета» пісала, што Козак выкарыстаў расійскі пашпарт для палётаў з Расіі.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы справу Медведчука, заявіў, што Крэмль сочыць за гэтай сітуацыяй, але не збіраецца ў яго ўмешвацца. Паводле слоў Пяскова, расійскія ўлады «хочуць быць упэўненыя, што гаворка не ідзе пра палітычнае паляванне на ведзьм і зачыстку палітычнага поля».
У 2004 годзе Медведчук распавядаў, што Уладзімір Пуцін стаў хросным бацькам яго дачкі.
Паводле tvrain.ru