Маскоўскі метрапалітэн звальняе супрацоўнікаў, якія падтрымалі Навальнага

З Маскоўскага метрапалітэна звольнілі дзясяткі супрацоўнікаў, якія рэгістраваліся на сайце ў падтрымку Навальнага, паведамляе meduza.io.

Фота: Іван Вадап'янаў / «Коммерсантъ»

Фота: Іван Вадап'янаў / «Коммерсантъ»

З-за красавіцкай акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага Маскоўскі метрапалітэн звольніў каля 40 супрацоўнікаў. Пра гэта «Адкрытым медыя» паведаміў намеснік старшыні незалежнага прафсаюза  Маскоўскага метрапалітэну Васіль Шалякоў.

— Такіх шмат, але мы пакуль не пра ўсіх ведаем, толькі да мяне звярнуліся каля 40 чалавек. Прыходзяць разлікі нават людзям, якія цяпер на бальнічным.

Па словах Шалякова, супрацоўнікам прапануюць на выбар два шляхі звальнення — па пагадненні бакоў або па артыкуле за прагул. Нефармальна ў гутарках з кіраўніцтвам ім заяўляюць, што гэта звязана з рэгістрацыяй на сайце "Свабоду Навальнаму" або з наведваннем мітынгу 21 красавіка.

Дэпутат Масгардумы Міхаіл Цімонаў у сваім тэлеграм-канале напісаў, што яму паступіла інфармацыю, нібы кіраўніцтва метрапалітэна вырашыла звольніць да некалькіх сотняў супрацоўнікаў да 14 траўня — тых, хто быў у базе на сайце за Навальнага, альбо тых, у каго там былі сваякі. Цімонаў адзначыў, што пачне праверку гэтай інфармацыі.

У самім метрапалітэне інфармацыю пра звальненні пакуль не каментавалі.

Сайт "Свабоду Навальнаму" — free.navalny.com — для збору ахвочых выйсці на акцыю ў падтрымку палітыка быў створаны ў лютым. У сярэдзіне красавіка зарэгістраваным на ім карыстальнікам пачалі прыходзіць лісты з пагрозамі, што пра іх палітычныя погляды раскажуць працадаўцам. Пасля гэтага да многіх з іх прыйшлі з праверкамі праваахоўныя органы.

Паплечнік Навальнага Леанід Волкаў заяўляў, што базу звестак скралі з дапамогай былога супрацоўніка ФБК, завербаванага ФСБ Расіі. "Медуза" пазней высветліла, што сляды ўзлому сайта вядуць да людзей, звязаных з адміністрацыяй прэзідэнта РФ і яго кіраўніка справамі.

Паводле падлікаў "Дождя", у базе больш за 150 чалавек, у якіх у якасці месца працы паказаны Маскоўскі метрапалітэн.