Украіна зможа сама вырабляць «Байрактары»
Урад Украіны накіруе ў Вярхоўную Раду законапраект аб ратыфікацыі пагаднення паміж Украінай і Турцыяй. Гэта дазволіць пабудаваць ва Украіне завод па вытворчасці беспілотнікаў «Байрактар».
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на прэм'ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля.
Як адзначыў кіраўнік урада, Кабмін накіруе ў Вярхоўную Раду законапраект аб ратыфікацыі пагаднення паміж Украінай і Турцыяй па супрацоўніцтве ў сферы высокіх тэхналогій, авіяцыйнай і касмічнай галінах.
Сярод іншага, гэта дазволіць пабудаваць ва Украіне завод па вытворчасці і абслугоўванні знакамітых беспілотнікаў «Байрактар».
«Акрамя таго, зацвердзілі прыцягненне чарговага гранта ад Злучаных Штатаў у памеры 4,5 млрд долараў. Гэта наглядная дэманстрацыя таго, што нашы саюзнікі працягваюць моцна стаяць побач з Украінай і дапамагаюць нам наблізіць перамогу», — дадаў Шмыгаль.Р
Раней у Турцыі заявілі, што ніколі не дазволяць продаж беспілотнікаў Bayraktar Расіі.