Украіна афіцыйна прызнала Расію агрэсарам
Вярхоўная Рада Украіны прызнала Расію краінай-агрэсарам. За адпаведную пастанову прагаласаваў 271 дэпутат украінскага парламента.
У дакуменце дэпутаты заклікаюць міжнародную супольнасць прымяніць усе метады ціску на Расійскую Федэрацыю, каб спыніць падтрымку прарасійскіх баевікоў на ўсходзе Украіны:
— Вярхоўная Рада Украіны прызнае Расійскую Федэрацыю дзяржавай-агрэсарам і заклікае міжнародных партнёраў Украіны не дапусціць беспакаранасці вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці здзейсненыя ад пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны. Прызнаць Расейскую Федэрацыю краінай агрэсарам, што ўсебакова падтрымлівае тэрарызм ды блакуе дзейнасць Рады бяспекі ААН, чым ставіць пад пагрозу міжнародны мір і бяспеку, а так званыя ДНР і ЛНР прызнаць тэрарыстычнымі арганізацыямі.
Рашэнне ўкраінскага парламента аб прызнанні Расіі краінай-агрэсарам можа прывесці да яшчэ большай ізаляцыі Расіі на міжнародным узроўні. Так мяркуе лідар фракцыі „Блок Пятра Парашэнкі” ў Вярхоўнай Радзе Юры Луцэнка.
Палітык прапанаваў таксама пачаць працэс абмежавання ўплыву Расіі на рашэнні міжнародных арганізацый:
— Мае звярнуцца ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый з патрабаваннем пачаць працэдуру змену яе статута, каб выключыць дзяржаву-агрэсара, якой з’яўляецца Расійская Федэрацыя, са сталых членаў Рады бяспекі, якая ўвесь час блакуе міратворчы працэс ва Украіне ды ва ўсім свеце.
Сваё рашэнне дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны базавалі на рэзалюцыі ААН 1974 года. Украінскія парламентары заклікалі таксама іншыя парламенты і міжнародныя арганізацыі — прызнаць Расію — краінай-агрэсарам, а ДНР і ЛНР — тэрарыстычнымі арганізацыямі.
Дзяржавай-агрэсарам, паводле Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прызнаецца краіна, якая акупуе тэрыторыю іншай дзяржавы або падтрымлівае бандфарміраванні на тэрыторыі іншай дзяржавы.
Беларускае Радыё Рацыя