Улады Венесуэлы заявілі аб падаўленні бунту супраць Мадура

Улады Венесуэлы заявілі аб падаўленні збройнага чыну супраць прэзідэнта Нікаласа Мадура.

TWITTER

TWITTER

Раней у сацыяльных сетках было апублікавана відэа, на якім мужчыны ў ваеннай форме заявілі пра пачатак процідзеяння "крывавай тыраніі".
У сацыяльных сетках паведамлялі, што каля ваеннай базы ў горадзе Нагуанагуа на паўночным захадзе краіны была чутная страляніна. Намеснік кіраўніка кіруючай Сацыялістычнай партыі Дыёсдадо Кабельё заявіў, што сітуацыя ўзятая пад кантроль.
Па словах уладаў, нападнікі, якіх яны назвалі тэрарыстамі, спрабавалі скрасці з базы зброю. Сем чалавек арыштаваныя.
На мінулым тыдні ў Венесуэле прайшлі выбары ў новую канстытуцыйную асамблею, якая фактычна павінна будзе перапісаць асноўны закон краіны. Галасаванню папярэднічалі месяцы масавых пратэстаў.
У апублікаваным відэа чалавек, які назваўся Хуанам Кагуарыпана, заявіў: "Гэта не пераварот, а ваенная і грамадзянская аперацыю па ўзнаўленні канстытуцыйнага парадку".
Удзельнікі паўстання, якіх ён назваў "41-й Брыгадай", паводле яго слоў, супрацьстаяць "крывавай тыраніі прэзідэнта Нікаласа Мадура".
Ён таксама назваў па імені некалькі маладых людзей, якія загінулі ў выніку антыўрадавых пратэстаў. Двое з іх — Неомар Ландар і Хуан Пабла Перналетэ — сапраўды загінулі ў гэтым годзе, а трэцяя — Джеральдзін Марэна — была забітая ў ходзе дэманстрацыі ў 2014 годзе. Двое вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі пазней былі асуджаныя па гэтай справе на два гады.
Рэгулярныя пратэсты праходзяць у Венесуэле з красавіка гэтага года. Апазіцыя абвінавачвае Нікаласа Мадура ў спробах засяродзіць усю ўладу ў краіне ў сваіх руках.
У суботу нядаўна абраная Канстытуцыйная асамблея (устаноўчы сход) правяла першае паседжанне. На ім дэпутаты прагаласавалі за звальненне генеральнага пракурора Луізы Артэгі — былога саюзніка Мадура, якая перайшла ў апазіцыю.

REUTERS

REUTERS


Выбары ў асамблею прайшлі 30 ліпеня. Апазіцыйных кандыдатаў прадстаўлена не было, і крытыкі прэзідэнта абвінавачваюць улады ў фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
Урад катэгарычна абвяргае гэтыя абвінавачванні. Мадура неаднаразова заяўляў, што спрабуе аднавіць мір у краіне.
Новай асамблеі нададзеныя паўнамоцтвы мяняць канстытуцыю і распускаць Нацыянальную асамблею — аднапалатны парламент, які знаходзіцца пад кантролем праціўнікаў Мадура.
Нягледзячы на ​​велізарныя запасы нафты, Венесуэла перажывае глыбокі эканамічны і гуманітарны крызіс.У краіне не хапае харчавання і медыкаментаў. Гадавая інфляцыя вымяраецца сотнямі адсоткаў.
Паводле bbc.com