Узбекістан. Карымаў супраць ровараў
З сярэдзіны красавіка ў Ташкенце праводзіцца аблава на раварыстаў, якіх спыняюць, часам штрафуюць, а іх «коней» адбіраюць. Уладальнікам пракату ровараў рэкамендуюць зачыніць бізнэс. У дзясяткаў людзей канфіскаваныя ровары з таго часу, калі пачалася гэтая неафіцыйная кампанія.

У Ташкенце забараняюць ровары
Нават створаны спецыяльны атрад, якому даручана выпісваць штрафы і канфіскоўваць ровары ва ўладальнікаў, якія парушаюць правілы дарожнага руху. Супрацоўнікі ДАІ Ташкента, грунтуючыся выключна на вусным указанні невядома якога ведамства, аргументуюць свае дзеянні вялікай колькасцю ДТЗ з удзелам раварыстаў.
Аднак прэса лічыць, што галоўная прычына «ганенняў» — «бяспека кіраўніка дзяржавы». Так званая «прэзідэнцкая траса» ў Ташкенце — самая добрая і ледзь не адзіная нармальная ў горадзе дарога. І калі прэзідэнт па ёй праязджае — усе літаральна стаяць на вушах. А раварыстаў вельмі цяжка кантраляваць, яны могуць выскачыць з завулку. Праўда, праблему бяспекі пераслед раварыстаў не вырашае, паколькі, акрамя ровараў, у Ташкенце шмат ішакоў, на якіх таксама ездзяць па прэзідэнцкай трасе.
Паводле ўзбекскай прэсы