Ва Украіне Парэчанкава абвінавацілі ў тэрарызме, а ў Расіі назвалі «пацаном з дзвюма звілінамі»

Служба бяспекі Украіны адкрыла крымінальную вытворчасць супраць вядомага расійскага актора Міхаіла Парэчанкава.



eb6979dd_d18e_497d_9766_95e2bca942af_w640_r1_s.jpg

Як паведамляе УНІАН, крымінальную справу завялі паводле артыкула 258-3 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — стварэньне тэрарыстычнай групы або тэрарыстычнай арганізацыі, кіраўніцтва такой групай або арганізацыяй або ўдзел у ёй, а таксама арганізацыйнае або іншае садзейнічаньне стварэньню або дзейнасьці тэрарыстычнай групы або тэрарыстычнай арганізацыі. Актору пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.

Учора на сайтах прарасейскіх сэпаратыстаў было распаўсюджанае відэа, на якім Парэчанкаў у касцы з надпісам «Прэса» страляе з кулямёта. Як паведамляецца ў камэнтары да відэа, падзеі адбываюцца на баявых пазыцыях сэпаратыстаў у данецкім аэрапорце, але з роліка не відаць, куды актор цэліцца.

Зьяўленьне гэтага роліка выклікала вялікі скандал. Прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды слова Дунья Міятавіч ахарактарызавала ўчынак Парэчанкава як «непрымальнае і небясьпечнае злоўжываньне знакам „Прэса“».

gdb.rferl.org__8c6c6fe0_50d1_4_aa3a15d9eb1435c6d25701d20220959f.jpeg

Дунья Міятавіч

Расейскія журналісты абураюцца ўчынкамПарэчанкава, які такім чынам можа справакаваць агонь па ўсіх журналістах, якія працуюць на ўсходзе Ўкраіны.

«Я лічу, што ён проста подла паступіў у адносінах да ўсіх журналістаў. І калі бліжэйшымі днямі журналісты, тэлевізійныя або з друкаванай прэсы — любыя журналісты, — якія сёньня ходзяць там у гэтых касках і бронекамізэльках, загінуць, у іх будуць страляць, Парэчанкаў хай ведае: на яго руках іх кроў... Мы столькі змагаемся, столькі мы робім, каб абараніць журналістаў. І нейкі пацан зь дзьвюма зьвілінамі, але з добрай мордай, ладзіць такія правакацыі», — заявіў у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» старшыня Саюзу журналістаў Масквы Павал Гусеў.

Сам Парэчанкаў у інтэрвію ТАСС заявіў, што кадры, на якіх ён страляе з кулямёта, былі пастановачныя, патроны — халастыя, а ва ўкраінцаў ён наагул ніколі не страляў. Але ад таго, што гэтае відэа было зьнята ў данецкім аэрапорце, ён не адмаўляецца.

У эфіры «Эхо Масквы» актор таксама сказаў, што ня бачыў надпісу «Прэса» на касцы. На пытаньне журналістаў, што прымусіла яго ўзяць у рукі зброю, ён адказаў наступнае:

«Што значыць — „што прымусіла ў рукі ўзяць“? Вы правакацыйныя пытаньні задаяце. Калі я ў цір кожны дзень хаджу страляю, што прымушае мяне браць у рукі стрэльбу? Сьмешнае нейкае пытаньне».

Блогеры хутка выявілі, што патроны не былі халастымі.

www.svaboda.org