Вароты амбасады Кітая ў Бішкеку пратараніў смяротнік

Гук выбуху і ўдарную хвалю пачулі ва ўсёй паўднёвай частцы Бішкека. Невядомы на машыне пратараніў вароты амбасады і загінуў падчас выбуху. Параненыя ахоўнікі амбасады Кітая.

Фота © Chen Yao/Xinhua via AP

Фота © Chen Yao/Xinhua via AP


Смяротнік пратараніў вароты кітайскай амбасады ў Бішкеку на аўтамабілі і здзейсніў самападрыў,  паведамляе ВВС. У выніку выбуху злачынца памёр, распавёў віцэ-прэм'ер Кіргізіі Жаніш Разакаў. "Тэрарыст-смяротнік кіраваў аўтамашынай "Міцубісі Дэліка". Усе трое пацярпелых з'яўляюцца грамадзянамі Кыргызстану", — сказаў ён.

Медыкі паведамляюць, што пацярпелыя шпіталізаваны са шматлікімі аскепкавымі траўмамі.

На месцы здарэння працуюць усе экстранныя службы горада, супрацоўнікі міліцыі ачапілі квартал у раёне амбасады.

"Чалавек, які знаходзіўся ў салоне аўтамашыны, загінуў на месцы, вароты і плот амбасады атрымалі пашкоджанні", — паведамілі ТАСС у гарадскім аддзеле міліцыі.

Відавочцы кажуць, што гук выбуху і ўдарную хвалю пачулі ва ўсёй паўднёвай частцы Бішкека. У выніку выбуху ў суседніх дамах было выбітае шкло, у крамах пашкоджаныя вітрыны.



“Інтэрфакс” са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах Кіргізіі паведамляе, што праваахоўныя органы пакуль не ўсталявалі асобу мужчыны, знойдзенага ў аўтамабілі.