Вашынгтон нарэшце ўвёў санкцыі ў дачыненні да «жонкі» Пуціна Кабаевай і расійскіх бізнесоўцаў

Вашынгтон увёў санкцыі ў дачыненні да шэрагу расійскіх бізнесоўцаў. Пад абмежаванні трапіла так званая «жонка» Уладзіміра Пуціна і былая гімнастка Аліна Кабаева, якая з'яўляецца кіраўніком савета дырэктараў Нацыянальнай медыягрупы. Пра санкцыі ў дачыненні да Кабаевай паведамляецца на сайце Міністэрства фінансаў ЗША.

kabaeva_putin.jpg

У пашыраны «чорны спіс» падсанкцыйных асоб з Расіі нарэшце трапіла расійская спартсменка і, верагодна, грамадзянская жонка Пуціна Аліна Кабаева, паведамляе «Еўрапейская праўда». Адзначаецца, што Кабаева з'яўляецца кіраўніком савета дырэктараў Нацыянальнай медыягрупы, якая валодае кантрольнымі пакетамі дзяржаўных СМІ Расіі

Акрамя таго, пад санкцыі патрапілі шэраг калабарантаў Расіі на захопленых украінскіх тэрыторыях — між іншым, Кірыл Страмаусаў, кіраўнік Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда і так званы прарасійскі «мэр» Марыупаля Канстанцін Івашчанка.

Таксама пад санкцыямі цяпер — фонд, інстытут і тэхнапарк «Сколкава», саўладальнік «Фосагро» Андрэй Гур'еў, Магнітагорскі металургічны камбінат, яго ўладальнік Віктар Рашнікаў, былы галоўны саўладальнік «Трубной металлургической компании» Дзмітрый Пумпянскі, заснавальнік «Еврохи» саўладальнік аэрапорта «Шарамеццева» Аляксандр Панамарэнка.


Нагадаем, у канцы красавіка The Wall Street Journal пісаў, што ўлады ЗША мяркуюць, што Кабаева з'яўляецца маці «як мінімум траіх дзяцей» Пуціна, і што яна можа адыгрываць важную ролю «ва ўтойванні асабістай маёмасці Пуціна за мяжой». Аднак тады, нібыта, ЗША падрыхтавалі пакет санкцый супраць Кабаевай, але не ўвялі яго з боязі, што Пуцін «адрэагуе агрэсіўна».

Вялікабрытанія ж, як пісаў НЧ, увяла санкцыі супраць Кабаевай яшчэ ў траўні.

Паводле www.pravda.com.ua, www.unian.net