Ватыкан пакараў былога высокапастаўленага святара за сэксуальныя дамаганні

Ватыкан выключыў са складу духавенства былога амерыканскага кардынала Тэадора Макерыка пасля таго, як Кангрэгацыя дактрыны веры падцвердзіла вылучаныя супраць яго абвінавачванні ў сэксуальных дамаганнях да непаўналетніх, піша Радыё Свабода.

Тэадор Макерык

Тэадор Макерык

Ватыкан настойвае, што рашэнне канчатковае і абскарджанню не падлягае.
Як адзначае СNN, Макерык стаў самым высокапастаўленым каталіцкім святаром, якога пакаралі за сэксуальныя дамаганні, за апошнія дзесяцігоддзі.
Раней Тэадор Макерык, які настойвае на сваёй невінаватасці, быў выведзены са складу калегіі кардыналаў.
Папа Рымскі Францыск у ліпені летась загадаў Макерыку трымацца «малітоўнага і пакаяннага жыцця ў адзіноце», на што 88-гадовы былы кардынал пагадзіўся.
Пры гэтым сам Францыск стаў аб'ектам крытыкі – былы прадстаўнік Ватыкану ў ЗША арцыбіскуп Карла Марыя Уіган абвінаваціў пантыфіка ў тым, што ён некалькі гадоў не звяртаў увагі на абвінавачванні на адрас Макерыка, які доўгія гады быў адным з самых уплывовых прадстаўнікоў Рымска-каталіцкай царквы ў ЗША.
Праз некалькі дзён у Ватыкане адбудзецца сустрэча іерархаў каталіцкай царквы, прысвечаная мерам па прадухіленні сэксуальнага гвалту і дамаганняў да дзяцей з боку святароў.