Венесуэла правядзе дэнамінацыю і прывяжа курс да крыптавалюты

Нацыянальная грашовая адзінка балівар пазбавіцца адразу пяці нулёў. Надалей балівар будзе прывязаны да венесуэльскай крыптавалюты Petro.

Нікалас Мадура

Нікалас Мадура

Сацыялістычны ўрад Венесуэлы ў сувязі з галапіруючай інфляцыяй вырашыў правесці буйную дэнамінацыю — нацыянальная грашовая адзінка балівар пазбавіцца адразу пяці нулёў. Акрамя таго, балівар надалей будзе прывязаны да новай венесуэльскай крыптовалюты Petro, паведаміў прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура ў сераду, 25 ліпеня, перадае dw.com. Цяпер 1 долар ЗША каштуе 3,5 млн балівараў.
Венесуэла — самая багатая нафтай краіна ў свеце — ужо многія гады перажывае глыбокі эканамічны крызіс. З-за карупцыі і неэфектыўнага кіравання эканомікай у яе практычна вычарпаліся валютныя рэзервы, неабходныя для закупкі за мяжой харчавання, медыкаментаў і прадметаў першай неабходнасці.
Паводле апошніх прагнозаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), узровень інфляцыі ў Венесуэле ў гэтым годзе складзе 1 млн працэнтаў, эканоміка можа абваліцца на 18 адсоткаў. Цэнтральны банк Венесуэлы ўжо многія гады не публікуе дадзеных аб інфляцыі і кан'юнктуры.
Прэзідэнт Мадура, абвяшчаючы аб дэнамінацыі, адзначыў, што спісанне нулёў з балівара, безумоўна, не панацэя ад інфляцыі. Ён таксама прызнаў, што мадэль эканомікі, арыентаваная на нафтавую прамысловасць, састарэла. Па словах Мадура, эканоміку Венесуэлы трэба паставіць на больш шырокую аснову, каб надалей зноў вырабляць больш тавараў самастойна.