Пратэсты ва ўмовах канфлікту: што адбываецца ў Азербайджане
Паралельна з успышкай ваеннага супрацьстаяння ў Нагорным Карабаху ў самім Азербайджане нечакана актывізавалася апазіцыя, якая да апошніх падзей не ўяўляла ніякай небяспекі для ўлады.

Стыхійная дэманстрацыя каля будынка парламента Азербайджана ў Баку, ноч на 15 ліпеня 2020 г. Фота www.dw.com
Нават самы павярхоўны маніторынг палітычнага працэсу ў Азербайджане гарантуе з’яўленне пачуцця дэжа-вю. Прэзідэнцкая аўтарытарная рэспубліка на берагах Каспію, дзе пры ўладзе нязменна знаходзіцца той жа сямейны клан, а выбары — фікцыя, папросту да болю нагадвае рэаліі адной іншай постсавецкай рэспублікі.
Шмат агульнага ёсць і ў падыходах вырашэння праблемы апазіцыі. Калісьці ў Баку спрабавалі маніпуляваць мясцовымі «адмарозкамі» — і дапускалі ў парламент палітыкаў пэўнай катэгорыі. Напрыклад, тых, якія, хутчэй, дыскрэдытавалі апазіцыйны лагер. Прыгадваецца, як адзін з дапушчаных у азербайджанскую «палатку» актывістаў мясцовага Народнага фронту ўпарта змагаўся з мужчынскімі шортамі, бо пабачыў у гэтым замах на народныя традыцыі.
Чамусьці на нейкім этапе ад складаных схемаў гульняў з апазіцыяй адмовіліся. Быў запушчаны працэс стварэння праўладнага грамадзянскага сектара і лаяльных партый, якіх эмісарам з Еўропы прадстаўлялі як апазіцыйныя. Адначасова старыя цэнтры апазіцыі гублялі легальны статус, набываючы характар тусовак. Як вынік, на сёння ў Азербайджане рэальнай апазіцыі няма ад слова «зусім». Паслядоўныя апаненты Аліева знаходзяцца альбо ў турмах, альбо за мяжой. Пратэстная дзейнасць, як правіла, вядзецца толькі ў інтэрнэце, дзе ёсць некалькі раскручаных блогераў.
Нечаканае абвастрэнне канфлікту ў Карабаху, якое пачалося 12 ліпеня, здавалася, не ўнясе ў сітуацыю асаблівых карэктываў. Наадварот, шэраг каментатараў меркавалі, што пераключэнне ўвагі на франтавыя зводкі дазволіць рэжыму выпусціць пару ў грамадстве, разрадзіць напружанне, якое выклікала пандэмія. Нарэшце, дасць магчымасць правесці кадравую чыстку. У якасці пацвярджэння гэтага пункту гледжання эксперты прыводзілі факт адстаўкі кіраўніка МЗС.
Аднак у выніку вайсковы канфлікт не ўмацаваў пазіцыі Аліева, а наадварот, расхістаў палітычную сітуацыю ўнутры краіны аж да спробы штурму парламента. Гэта здарылася ў ноч на 15 ліпеня, калі ў шэрагу раёнаў Баку прайшлі масавыя патрыятычныя акцыі. Хутчэй за ўсё, маніфестацыі былі ініцыяваныя ўладамі, якія вырашылі выкарыстаць пэўны ўздым патрыятызму як метад кансалідацыі грамадства вакол сябе. Але ў фінале ўсё пайшло насуперак сцэнару — група дэманстрантаў з заклікамі да ўсеагульнай мабілізацыі прарвалася ў будынак парламента. Праз 15–20 хвілін з’явіліся атрады паліцыі і спецназу, якія, ужываючы дубінкі, выбілі захопнікаў з будынку. Пры гэтым удзельнікі акцыі перавярнулі паліцэйскую машыну.
Па гарачых слядах штурму заканадаўчага органу Аліеў абвінаваціў апазіцыю ў спробе дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. «Учора некаторыя апазіцыйныя структуры праніклі ў масы і спрабавалі заахвоціць людзей да незаконных дзеянняў. Яны таксама знаходзіліся сярод парушальнікаў закона, і гэтых асобаў ужо вызначылі», — заявіў ён 16 ліпеня. Таксама ў вельмі эмацыйнай форме азербайджанскі гарант абяцаў, што гэтым разам будуць прынятыя самыя жорсткія захады і пакладзены канец «антыдзяржаўнай дзейнасці» гэтых варожых элементаў.
Пасля ў бой пайшоў афіцыёз, прапанаваўшы абывацелю стары сюжэт пра тое, як замежныя цэнтры фінансуюць сваіх агентаў. «Лідары» радыкалаў, маўляў, на сваіх старонках у сацсетках працягваюць балбатаць і рабіць бяздоказныя галаслоўныя заявы, абы прадэманстраваць замежным донарам сваю адданасць. Каб спонсары іх «ацанілі» — ён, маўляў, наш, правераны, варты аплаты, — абураецца праўрадавае выданне «Трэнд». Пры гэтым ніякай канкрэтнай інфармацыі пра заказчыкаў, натуральна, не паведамляецца.
Поўнага дыягназу таго, што адбываецца сярод азербайджанцаў, ні ў каго няма. Збольшага можна пагадзіцца з тымі палітолагамі, якія кажуць пра збоі ў працы афіцыйнай прапаганды. На працягу доўгіх гадоў афіцыёз абяцаў рэванш за страту Карабаха. Веру людзей у паспяховую рэканкісту ўзмацнялі рэгулярныя паведамленні аб закупках буйных партый зброі і чарговую серыю мадэрнізацыі арміі, якая толькі чакае «гадзіны Х».
І вось, здавалася, «гадзіна Х» надышла. Але замест пераможных рэляцый пайшлі паведамленні пра нейкую відавочна няўдалую ваенную аперацыю азербайджанскіх войскаў. Такое заключэнне дазваляе зрабіць наяўнасць сярод загінуўшых з азербайджанскага боку высокага ваеннага чыну — генерала (генералы за ўвесь час канфлікту ніколі не гінулі). Гэта ўсё, натуральна, выклікала шок у грамадства. Нездарма, калі верыць некаторым крыніцам, у вельмі многіх месцах пратэсты пачынаюцца з пахавання вайскоўцаў. Пасля цырымоніі развітання людзі пачынаюць рабіць нейкія публічныя антыўрадавыя выступы.
Самае цікавае ў гэтай сітуацыі — рэакцыя тых самых «варожых элементаў». Ім крыўдна, што замест падзякі, Аліеў абвясціў апазіцыянераў ворагамі. Аказваецца, з пачаткам баявых дзеянняў кіраўніцтва апазіцыі звярнулася да ўсіх грамадзянаў адкласці ўбок рознагалоссі і спыніць крытыку ўладаў, аб’яднаўшыся вакол ідэі падтрымкі арміі і дзяржавы. Можна дапусціць, што апазіцыя мае надзею на запрашэнне ў шырокую ўсеагульную кааліцыю.
У любым выпадку, адзнакі паўзучага пратэсту фіксуюць амаль усе, і з гэтай акалічнасцю Баку трэба будзе нешта рабіць. Як гэта зрабіць з улікам адкрытага вайсковага канфлікту, які, будзем спадзявацца, хутка скончыцца, незразумела.