Выбары новага прэм'ер-міністра Арменіі могуць адбыцца 1 траўня

Адзіным кандыдатам пакуль з'яўляецца лідар пратэстаў Нікол Пашынян.

43493627_303.jpg


На спецыяльным пасяджэнні парламента Арменіі 1 траўня будзе абмяркоўвацца пытанне аб выбарах новага прэм'ер-міністра краіны. Пра гэта ў чацвер, 26 красавіка, паведаміў спікер Нацыянальнага сходу Ара Баблаян.
На дадзены момант свайго кандыдата вылучыла толькі апазіцыйная фракцыя "Елк". Ім стаў яе старшыня, лідар пратэстнага руху Нікол Пашынян.
У выпадку свайго абрання на пост прэм'ера Пашынян паабяцаў аслабіць паўнамоцтвы кіраўніка ўрада. "Пасля майго абрання новая ўлада ўзмоцніць механізмы проціваг і ўзаемадапаўненне. Што тычыцца існуючых суперпаўнамоцтваў прэм'ер-міністра, то мы рэфармуем сістэму і ўлада прэм'ера не будзе абсалютнай, а будзе збалансаванай", — заявіў ён у эфіры тэлеканала "Кентрон".
Адначасова ён не выключыў прызначэння ў часовы кабінет некаторых членаў дзеючага ўрада і паведаміў, што гатовы абмяркоўваць з прадстаўнікамі кіроўнай Рэспубліканскай партыяй Арменіі (РПА) размеркаванне месцаў у розных камісіях і інстытутах. "Мы кажам, што асноўны інстытут — гэта прэм'ер, размеркаванне месцаў у іншых інстытутах гатовыя абмяркоўваць", — адзначыў ён.
У тым выпадку, калі ўлады паспрабуюць "не прызнаць перамогу народа, мы вернемся да дзеянняў, з якіх пачалі", дадаў апазіцыянер. Паводле яго слоў, часовы ўрад, які будзе сфармаваны па выніках выбараў прэм'ера, "стане гарантам правядзення справядлівых, сумленных выбараў".
Між тым у той жа дзень на вуліцы Ерэвана зноў выйшлі тысячы грамадзян, якія патрабуюць адстаўкі дзеючага ўрада. Да правядзення новай акцыі напярэдадні заклікаў Пашынян. "Мы патрабуем капітуляцыі Рэспубліканскай партыі", — падкрэсліў ён.
У той жа час у чацвер, калі стала вядома аб маючым адбыцца скліканні парламента для абмеркавання пытання аб абранні новага прэм'ера, Пашынян заклікаў сваіх прыхільнікаў спыніць блакаванне вуліц у Ерэване. "Неабходна аднавіць нармальны рух транспарту. Мы павінны надаць пільную ўвагу выпадкам парушэння парадку, спыніць дзеянні кіроўцаў аўтамабіляў без дзяржнумароў", — заявіў ён.
Хваля масавых пратэстаў у Ерэване і іншых армянскіх гарадах паднялася пасля таго, як былы прэзідэнт краіны Серж Саргсян быў абраны прэм'ер-міністрам. Масавыя акцыі праходзяць з 13 красавіка. Пасада кіраўніка ўрада стала самым важным дзяржаўным постам у выніку змены формы праўлення з прэзідэнцкай на парламенцкую. Пад ціскам пратэстуючых Саргсян 23 красавіка падаў у адстаўку.
Паводле dw.com