Выбух у Дамаску каля міжнароднай выставы, дзе ўдзельнічаюць і беларусы

Некалькі чалавек атрымалі раненні ў выніку выбуху рэактыўнага снараду ля ўваходу ў будынак, дзе адбываецца міжнародная выстава Damascus International Fair.

Дамаск. Ілюстрацыйнае фота

Дамаск. Ілюстрацыйнае фота

Сірыйскае дзяржаўнае агенцтва САНА не ўдакладняе нацыянальнасцяў пацярпелых.

Сёлетняя Damascus International Fair будзе доўжыцца 10 дзён, у сірыйскай сталіцы сабраліся больш за 2 тысячы дэлегацый з розных краінаў свету.

Некалі традыцыйная выстава з прычыны маштабнага ваеннага канфлікту адбываецца ў Сірыі ўпершыню за апошнія шэсць гадоў. Як паведамляла “Радыё Свабода”, у ёй бяруць удзел і беларускія прадпрыемствы: на калектыўнай экспазіцыі “Made in Belarus” сваю прадукцыю паказваюць жодзінскі БелАЗ, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод, завод «Магілёўліфтмаш», а таксама вытворца медычнай мэблі ААТ «Ольса».

Як адзначыў міністр эканомікі і замежнага гандлю Сірыі Самер аль-Халіль, з дапамогай выставы краіна разлічвае падпісаць кантракты на пастаўку сучаснага абсталявання, неабходнага для пасляваеннага аднаўлення краіны.

Дамаская міжнародная выстава арганізуецца ад сярэдзіны 1950-х і лічыцца адной з найстарэйшых у блізкаўсходнім рэгіёне.

Напярэдадні яе адкрыцця афіцыйны Дамаск заявіў, што цалкам кантралюе сітуацыю. Аднак з улікам надзвычайнага здарэння выглядае, што 100-працэнтнай гарантыі бяспекі для ўдзельнікаў усё ж няма.

www.svaboda.org