Выяву Міхася Жызнеўскага размясцілі на фрэсцы ва ўкраінскай царкве

Украінская грэка-каталіцкая царква стварае ў адным з найбольш вядомых сваіх прыходаў — на Аскольдавай магіле ў Кіеве — капліцу памяці герояў, якія загінулі за незалежнасць Украіны, перадае Радыё Свабода.

Фрагмент фрэскі

Фрагмент фрэскі

Герой Беларусі і Украіны

У капліцы, асвечанай у гонар Узвіжання Святога Жыватворнага Крыжа Гасподняга, створаная фрэска Пакрова Прасвятой Багародзіцы. На ёй 55 герояў Украіны — ад часоў Кіеўскай Русі да сучаснасці. Сярод іх і беларус Міхась Жызнеўскі, які стаў адной з першых ахвяр расстрэлаў масавых пратэстаў у Кіеве ў 2013–2014 гадах.

На фрэсцы адлюстраваны 55 герояў Украіны

На фрэсцы адлюстраваны 55 герояў Украіны

Аўтарка фрэскі — украінская мастачка Марына Сачэнка. Яна з эцюднікам наведвала спачатку Майдан, а потым фронт на Данбасе. У 2015 годзе супольна з пісьменніцай Антоніяй Цвыд выдала альбом «Твары Майдану», у якім спалучаюцца жывапіс і паэзія.

923c2a46_294b_4239_85a8_79f68028cd9b_w650_r0_s.jpg


Марына Сачэнка
Ідэя фрэскі Марыны Сачэнкі перамагла ў конкурсе, абвешчаным Украінскай грэка-каталіцкай царквой. Цяпер з дабраслаўлення настаяцеля храму, айца Ігара Анышкевіча, яна разам з мужам Пятром распісвае сцены капліцы.

dd0e1fd3_6c53_42b7_8c27_d18d7a46c755_w650_r0_s.jpg

Адзін з першых этапаў пераносу малюнка з паперы на сцяну

«Адлюстраваць сваіх герояў, якія аддалі сваё жыццё за нашу краіну — гэта богаўгодная справа, а тое, што абрана ікона Пакрова Багародзіцы — гэта адпавядае нашай старажытнай іканапіснай традыцыі, бо Багародзіца ад казацкіх часоў лічылася заступніцай украінскага войска. Сюды ўвайшоў і беларускі герой — Міхась Жызнеўскі, бо ён ужо і сын Украіны. Мы ведалі і ягоную маці, і нізка кланяемся беларусам за такога героя», — кажа Марына Сачэнка.
Паводле яе, рэлігійная прыналежнасць герояў, якія загінулі за Украіну, не мае значэння, бо гісторыя іхнага жыцця і смерці працягвае мужныя традыцыі ўкраінскага войска.
«Сваякі герояў не абражаюцца, што на фрэсцы адлюстраваныя не ўсе героі. Яны ўспрымаюць, што за імі стаяць усе, ужо больш як 10 тысяч грамадзян, якія загінулі за Украіну ці зніклі без вестак. Як усіх сабраць? Я знайшла такое рашэнне з канкрэтных герояў, якія ўжо сталі сімваламі вызваленчай барацьбы — ад Кіеўскай Русі, казацтва, УНР, героі Нябеснай сотні, „кібаргі“, якія адстойвалі Данецкі аэрапорт», — кажа мастачка.

Капліца на аскольдавай магіле

Капліца на аскольдавай магіле

Паводле Марыны Сачэнкі, валанцёры мараць, што на гэтым месцы будзе створаны пантэон вайсковай славы Украіны.

«Гэта ўмацуе нашу нацыянальную еднасць. Мы вельмі цяжка выходзім з каланіяльнага становішча — быў Майдан, цяпер вайна... Людзі ўсведамляюць, што мы моцная нацыя, моцны народ, які мае тысячагадовую гісторыю, і мы павінны ведаць сваіх герояў. Гэта трэба рабіць і візуальна, у мастацтве», — перакананая яна.

Гістарычнае месца

Гэтыя дняпроўскія схілы зьвязаныя з легендай аб забойстве кіеўскага князя Аскольда (ён таксама відаць на фрэсцы ў першым шэрагу). Мяркуецца, што князь быў тут і пахаваны, таму мясціна называецца Аскольдавай магілай. Калісьці тут быў прэстыжны некропаль, дзе знаходзілі апошні спачын вядомыя кіяўляне — філосафы, лекары, пісьменнікі, удзельнікі вызваленчай барацьбы. За савецкім часам помнікі і скляпы пазносілі, хаваць тут перасталі.

df81ec3e_7d57_4006_92ce_a66341081037_w650_r0_s.jpg

Комплекс Аскольдава магіла

Выключэнне зрабілі для героя Нябеснай сотні Аляксандра Кліцінскага (таксама адлюстраваны на фрэсцы ў чацвёртым шэрагу). Ён згарэў у 2014 годзе ў Доме прафсаюзаў у Кіеве, і хавалі яго як безыменнага героя, але пазней ягонае імя вызначылі паводле экспертызы ДНК.

5e0efea0_dbc8_4867_a800_3dcc496b105e_w650_r0_s.jpg

Помнік героям, што загінулі на Данбасе

Цяпер гэтае месца мае статус помніка садова-паркавага мастацтва. Тут стаяць царква святога Мікалая (створаная ў 1809 годзе і перабудаваная ў савецкія часы), званіца Аскольда (на першым яе паверсе — капліца Узвіжання Святога Жыватворнага Крыжа Гасподняга, дзе ствараецца фрэска) і шэраг помнікаў у гонар герояў вызваленчай барацьбы, у тым ліку тых, хто загінуў у часе аперацый у Ілавайску, Дэбальцаве і Данецкім аэрапорце.

Будынак арандуе Украінская грэка-каталіцкая царква.

2bd8b064_97b4_4283_a836_b25993e752f4_w650_r0_s.jpg

Званіца Аскольда

Новыя героі — новыя традыцыі іканапісу

Вобразы герояў Нябеснай сотні ўсё часцей выступаюць у новым украінскім іканапісе. Адным з першых, амаль адразу пасля Еўрамайдану, у красавіку 2014 года, прыкарпацкі мастак Раман Банчук прэзентаваў ікону-трыпціх «Героі не паміраюць». На ёй былі выявы 78 чалавек, якія загінулі ў часе акцый пратэсту, у тым ліку і Міхася Жызнеўскага. Мастак сцвярджаў, што напісаў карціну-ікону з дабраслаўлення духоўнага лідара Украінскай грэка-каталіцкай царквы Любаміра Гузара.

У ліпені 2017 года мітрапаліт Епіфаній, які цяпер узначаліў Праваслаўную царкву Украіны, у Міхайлаўскім Залатаверхім саборы Кіева асвяціў ікону Багародзіцы, напісаную ўкраінскім мастаком Юрыем Нікіціным. На ёй таксама былі князь Уладзімір, Іван Мазэпа і постаці, якія сімвалізуюць УПА, запарожцаў, герояў Нябеснай сотні і сучасных украінскіх вайскоўцаў.

Радыё Свабода