З Беларуссю ў сэрцы: у Амерыцы адзначылі Каляды з зоркай, казой і лявоніхай

У амерыканскім штаце Мінесота адсвяткавалі Каляды. У лепшых беларускіх традыцыях: з зоркай, казой, песнямі, танцамі. Арганізатарамі выступілі дыяспара беларусаў у Мінесоце і аб’яднанне «ГосьЦі».


Для таго, каб адсвяткаваць Каляды як след, у госьЦі запрасілі этна-музыку, спевака, фалькларыста Сержука Доўгушава. Сяржук паказваў, як нашы продкі адзначалі свята і як гэтыя традыцыі могуць працягнуць беларусы сёння. Нават за тысячы кіламетраў ад родных ніў, ад роднай хаты.
У гэты дзень Амерыка пачула беларускія традыцыйныя песні, пабачыла калядныя гульні, танцы, абрады. Для таго, каб усім было не толькі весела, але і смачна, кожная сям’я згатавала ўлюбёную беларускую страву для агульнага стала.
Важнай часткай праграмы стаў аўкцыён падарункаў. Атрыманыя сродкі былі перададзеныя на падтрымку рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў культуры.
Кажуць, калі на Каляды загадаць жаданне, то яно абавязкова здзейсніцца. Беларусы Мінесоты шчыра вераць, што настане час, калі Беларусь заззяе яскравай новай зоркай.
Са святам!