З турмы ў прэзідэнты і... назад у турму
У афрыканскай Гвінеі зрынулі прэзідэнта Альфа Кондэ. Яго жыццёвы шлях можа паслужыць урокам для некаторых нашых палітыкаў.
5 верасня ў сталіцы Гвінеі спецпадраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам захапіла прэзідэнцкі палац і арыштавала 83-гадовага прэзідэнта краіны Альфу Кондэ. У горадзе ўведзена каменданцкая гадзіна, а таксама абвешчана аб адмене дзеяння Канстытуцыі краіны. Ужо агучана і праграма новага рэжыму. Прычым вельмі дзіўная. «Хопіць нам гвалтаваць Гвінею, давайце проста зоймемся з ёй любоўю», — сказаў у тэлезвароце палкоўнік Думбуя — арганізатар перавароту.
Што тычыцца папярэдняга гаранта, то яго лёс пакуль не зразумелы. Праз пару гадзін пасля путчу ў сацыяльных сетках з'явіліся відэа- і фотаздымкі, на якіх Альфа Кондэ ў расшпіленай кашулі, басанож, акружаны ўзброенымі вайскоўцамі, сядзіць моўчкі, пагружаны ў свае думкі.
Думаць яму сапраўды ёсць пра што: насамрэч, Альфа Кондэ пачынаў так жа, як і людзі, што яго зрынулі. Як апазіцыянера яго ў 2000 годзе судзілі за падрыхтоўку замаху на тагачаснага прэзідэнта. Суд даў палітыку пяць гадоў, але пад ціскам Захаду неўзабаве Кондэ вызвалілі. Ён эміграваў у Францыю і вярнуўся на радзіму ў 2010-м у статусе самага паслядоўнага крытыка пануючай у краіне аўтакратыі. За кошт свайго іміджу ў прынцыпе ён і перамог.
Аднак ужо ў час пераабрання на другі тэрмін (2015 год) былы змагар з аўтарытарызмам, падобна, сам стаў аўтакратам. Апазіцыя сцвярджала, што тыя выбары былі азмрочаныя махлярствам, а вынікі галасавання сфальсіфікаваныя. Урад вінавацілі ў запалохванні выбаршчыкаў, укідванні бюлетэняў, выдачы дазволаў на галасаванне непаўналетнім, і нават у вольным трактаванні выбарчага кодэкса на карысць Кондэ.
Пад заканчэнне другой кадэнцыі быў анансаваны рэферэндум па зменах Канстытуцыі краіны. Папраўкі давалі Кондэ магчымасць ва ўжо вельмі старэчым веку (81 год) ізноў прэтэндаваць на прэзідэнцкае крэсла. Каб супакоіць грамадскасць, гвінейцам таксама прапанавалі прагаласаваць за шэраг прагрэсіўных рэформаў: у тым ліку забарону жаночага абразання і прадастаўленне роўных правоў пры разводзе.
Галасаванне аб папраўках прайшло 22 сакавіка 2020 года на фоне поўнага байкоту з боку апазіцыйных партый. Але ўтрымаць свой вулічны актыў апазіцыя не змагла. Некалькі ўрадавых устаноў, школ, дзе праходзіла галасаванне, падвергліся нападу. Атакуючыя разрывалі спісы выбаршчыкаў і знішчалі скрынкі з выбарчымі карткамі. Дзве школы, якія планавалася выкарыстоўваць у якасці выбарчых участкаў, былі падпаленыя. Паводле абвешчаных вынікаў, новая Канстытуцыя была ўхваленая амаль 90% выбаршчыкаў.
Цяпер па Канстытуцыі мелі адбыцца новыя выбары главы дзяржавы. Хоць знешнія назіральнікі прапаноўвалі Кондэ неадкладна наладзіць дыялог з апанентамі, той адмовіўся. Пры гэтым гарант таксама ігнараваў небяспечныя трэнды ў эканоміцы. З-за хваляванняў на рынку баксітаў (галоўная крыніца папаўнення мясцовага бюджэту) скараціліся валютныя даходы. Такім чынам закупляць за мяжой муку, цукар і бензін у ранейшых аб'ёмах Гвінея была ўжо не ў стане. Спробы фіксаваць кошты на прадукты ўрадавымі дэкрэтамі прывялі да дэфіцыту. Неўзабаве пачаліся галодныя бунты — не лепшы фон для прэзідэнцкай кампаніі, якая стартавала.18 кастрычніка 2020 года адбыліся прэзідэнцкія выбары. Пасля таго, як старшыня выбарчай камісіі абвясціў, што Кондэ лідзіруе па даных выбарчых камісій, у сталіцы краіны пачаліся беспарадкі, у вынік якіх загінулі, па меншай меры, 10 чалавек. 7 лістапада 2020 года Канстытуцыйны суд Гвінеі зацвердзіў канчатковыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў, і абвясціў іх пераможцам Альфу Кондэ. Па афіцыйных даных, ён набраў 59,5% галасоў. Рэагуючы на пратэсты, Кондэ арыштаваў некалькіх вядомых апазіцыянераў, абвінаваціўшы іх у арганізацыі беспарадкаў. Адзін з іх, кіраўнік партыі Саюз дэмакратычных сіл Гвінеі Рожэра Бамба, памёр вясной у турме.
Але, як бачым, у выніку тая элегантная перамога хутчэй стварыла глебу для цяперашняга перавароту. Хаця некаторыя спрабуюць шукаць вонкавы фактар і бачаць у апошніх падзеях змову супраць расійскіх інтарэсаў. Справа ў тым, што значная частка баксітавых радовішчаў у краіне належыць «Русалу», і падзеі ў краіне выклікаюць занепакоенасць расійскага алігарха Алега Дзерыпаскі. Цікава, што на інтэрнэт-форумах звычайныя расіяне выказваюць шкадаванне, што сам Дзерыпаска не стаў ахвярай гвінейскіх змоўшчыкаў.
Аднак нашмат болей (больш за дзесяць мільярдаў долараў) у Гвінею інвеставаў Пекін. Кондэ даўно абвінавачвалі ў тым, што ён прадаў краіну кітайцам, якія проста скуплялі ўсё што маглі. Зрэшты, ці ўдарыць пераварот па пазіцыях Кітая, будзе ясна з першых заяваў новага кіраўніцтва краіны.
Геапалітычны падтэкст не выключаюць, паколькі арганізатар перавароту Мамадзі Думбуя раней служыў у французскім замежным легіёне і вучыўся ў ЗША. Хаця версію спантаннай ініцыятывы таксама скідаць з рахункаў не варта. У тым ліку з-за таго, што пакуль ніхто новы рэжым палкоўніка Думбуя на Захадзе не прызнаў.