З-за сувязяў з Беларуссю? Літоўскаму мільярдэру заблакавалі інвестпраект

Урад Літвы заблакаваў запланаваныя кантраляванай Гедымінасам Жамялісам Avia Solutions Group інвестыцыі ў Віленскі аэрапорт. Прычынай называюцца яго сувязі з Расіяй і Беларуссю.

c6fa73eacdfe8a709a06f3b3be7be167.jpg


У пачатку сакавіка кіраўнік Дэпартамента дзяржбяспекі (ДДБ) Літвы Дарус Яўнішкіс заявіў, што ў выведкі ёсць суръёзныя сумневы ў надзейнасці Avia Solutions Group: «Пра дзейнасць гэтага прадпрыемства мы не раз інфармавалі і тых, хто прымае рашэнні, у нас ёсць пэўная інфармацыя, якая выклікае ў нас суръёзныя сумневы ў надзейнасці і дзейнасці кампаніі. Канкрэтна я не стану называць, бо гэта сакрэтная інфармацыя, але ўсе, хто прымае рашэнні, гэтую інфармацыю атрымалі», — заявіў ён прадстаўляючы ў Сейме гадавую ацэнку пагроз для нацбяспекі.

Як піша «Белорусы и рынок» са спасылкай на партал 15min.lt, ураду Літвы маглі не спадабацца не толькі сувязі групы з расейскімі структурамі, але і імаверныя сувязі з фармацэўтычным прадпрыемствам у Беларусі.

Кампанія Жамяліса ZIA Valda ў 2015 годзе заснавала ў Беларусі з партнёрамі прадпрыемства Nativita, і за 8,4 млн еўра пабудавала фармацэўтычны завод у Бешанковічах. Адным з яе партнёраў была звязваемая з Раманам Абрамовічам расійская кампанія біятэхналогій Biocad.

Пры пуску прадпрыемства ў 2016 годзе паведамлялася, што АТ Žia Valda належаць 57% акцый Nativita. Акрамя фірмы Гедымінаса Жамяліса долю атрымалі Natco Pharma Limited (Індыя), Vitvar (Беларусь), Vita Farma (Славакія).

Урад Літвы ў канцы сакавіка не дазволіў Avia Solutions Group пашырацца ў Віленскім аэрапорце. Як сцвярджае кампанія, яе інвестыцыі ў рэканструкцыю ангара склалі б 7 млн еўра, было б створана 200 новых працоўных месцаў.