За мінулыя выходныя выратавалі 6000 бежанцаў
У нядзелю ў Сіцылійскам праліве выратаваны 2370 мігрантаў. Такія дадзеныя прыводзіць берагавая ахова Італіі. Усяго за мінулыя выходныя дапамогу ў моры атрымалі 6000 бежанцаў.
У аперацыі былі задзейнічаны караблі шэрагу дзяржаў і еўрапейскай місіі "Фронтэкс". З пачатку года ў Італію па Міжземным моры прыбылі каля 50 тысяч мігрантаў. Гэта на 12 адсоткаў больш, чым у мінулым годзе за той жа перыяд часу.
Італьянскія рэгіёны — Ламбардыя, Венета і Вале-д'Аоста — заявілі, што больш не ў стане прымаць нелегалаў. Цярпенне, падобна, заканчваецца і ў прэм'ера Матэа Ренца, які лічыць, што ЕС дапамагае недастаткова.
"Праблему гэтую спарадзілі не мы, але мы спрабуем яе вырашыць, наколькі гэта магчыма, разам з тымі, хто займаецца дэмагогіяй, а не апелюе да здаровага сэнсу", — заявіў Ренца.
Аб салідарнасці ў ЕС кажуць многія... Аднак прыняць да сябе сабраных у Італіі і Грэцыі мігрантаў хочуць не ўсе. Брытанскі прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран ясна абазначыў прыярытэты Лондана:
"Брытанія — не тая краіна, якой усе абыякава, у нас ёсць сумленне... Але мы павінны рабіць больш, каб у першую чаргу спыняць людзей, якія пакідаюць свае краіны".
Між тым паведамляецца, што ў Лівіі да нелегальнай адпраўкі ў Еўропу рыхтуюцца каля 500 тысяч мігрантаў.
У панядзелак міністр унутраных спраў Італіі Анджэліна Альфана абмяркуе праблему з еўракамісарам па міграцыі, унутраным справах і грамадзянстве Дзімітрысам Аврамапуласам.