Замежныя СМІ пра Беларусь: 15-21 снежня

Каментуючы сітуацыю з «Актам Магніцкага», Лукашэнка абмовіўся. Фактычна раскрыў таемны механізм свайго шматгадовага кіравання. Яго поспехі па частцы эканамічнага і палітычнага будаўніцтва — пытанне спрэчнае, затое методыка «забівання балтоў» — яго фірмовая «фішка», ноў-хаў, дзякуючы якому ён увойдзе ў аналы дзяржбудаўніцтва. Гэта ж трэба ўмець так шчыра клясціся, палаць праведным гневам, выкрываючы заганы свету, каб выскрабці грошы на пражыццё хоць з Еўропы, хоць з Расіі, хоць з Кітая. А атрымаўшы жаданае — тут жа расслабіцца і «забіць» на ўсё.

«Московский Комсомолец» (Расія)



smi.jpg

Калі не лічыць гэтых дробных саступак, сітуацыя практычна не змяняецца. Магчыма, справа ў тым, што шматлікія краіны ЕС ахвотна купляюць танныя нафтапрадукты з Беларусі. Гэтыя валютныя паступленні — жыватворны струмень для Лукашэнкі. Калі б ЕС сапраўды хацеў уразіць Беларусь у слабае месца, гэта была б ідэальная цэль.
«Foreign Policy» (ЗША)
Савецкі час у краіне — не толькі ў эканоміцы, але і ў сацыяльным жыцці. У мінулую суботу ва ўсёй краіне прайшоў «Дзень цвярозасці». Ні ў адной краме краіны афіцыйна алкаголь не прадаваўся. Арганізатары — МУС рэспублікі, міністэрствы аховы здароўя, спорту і турызму, культуры, працы і сацыяльнай абароны — лічаць, што рана ці позна ў краіне павінен быць уведзены «сухі закон». Па статыстыцы, беларусы сёння — самая п’ючая нацыя на тэрыторыі СНД. Тут п’юць нават больш, чым у Расіі. Як выправіць сітуацыю, улада не ведае. Але і бяздзейнічаць не збіраецца. Таму аддае перавагу дзейнічаць лозунгамі, дэкрэтамі і запалохваннем. Гэта жа, як у СССР.
«Эксперт» (Украіна)
 

Да рэальнасці пра разуменне Лукашэнкам дэмакратыі вярнуў яго аповед пра тое, што яго старэйшы сын кіруе службай, якая сочыць за працай судоў і пракуратуры, пра тое, як прэзідэнт дае ўказанні, якую крымінальную справу пачынаць, а якую не пачынаць, і пра тое, што ён зацвярджае рэдактараў СМІ. Для жыхара краіны — сябра ЕС гэта гучыць як ігнараванне дэмакратыі, і факт, што Лукашэнка лічыцца гарантам справядлівасці ў краіне, уганяе ў жах.
«Neatkarigas Rita Avize» (Латвія)
Лукашэнка сустрэўся ў Мінску з прадстаўнікамі краіна СНД і Балтыі. Калі журналісты пацікавіліся ў яго лёсам Курманбека Бакіева, атрымалі адказ: «Вам патрэбен Бакіеў? Для чаго? Чалавек пажыў, з’ехаў, усякае бывае. Лепш мне скажыце, чаму на яго імя не высылаецца пенсія?» — сказаў ён. Падобна, у кіраўніка Беларусі няма інфармацыі пра нашы законы: выгнаныя вярхоўныя чыноўнікі застаюцца з пустымі рукамі і без пенсіі. Больш таго, калі ўспомніць апошнія гады кіравання Бакіева, то краіна пагразла ў карупцыі па пояс, сродкі, прызначаныя для дзяржаўнай казны, патрапілі ў кішэнь сям’і Бакіевых. Лукашэнка паказаў Бакіева ў вельмі няшчасным і бедным выглядзе. Але ён яшчэ больш узмацніў незадаволенасць народа.
«Gezitter» (Кыргызстан)
Пасля стварэння «Гулага на лесапілках» (так крытыкі Лукашэнка назвалі ўведзеную ім кантрактную сістэму наймання) цалкам верагодна, што Захад можа перайсці ад персанальных санкцый супраць службоўцаў да эканамічных санкцый у дачыненні да беларускіх кампаній, якія працуюць на экспарт. Пытанне ўжо ўздымалася і ў Еўрапарламенце, і ў парламентах асобных краін сяброў Еўрапейскага саюза.
«Независимая газета» (Расія)