Замежныя СМІ пра Беларусь: 1–8 лістапада
Манеўры «Захад–2013» павінны стаць трывожным сігналам для блоку NАТО не толькі з-за адпрацоўкі ўварвання на тэрыторыю яго краін-сябраў: вучэнні пацвердзілі практычна поўную інтэграцыю ўзброеных сіл Расіі і Беларусі, а дакладней — інкарпарацыю беларусаў у расійскія ўзброеныя сілы. Для арміі Лукашэнкі вучэнні былі найбуйнейшымі запланаванымі манеўрамі за два дзесяцігоддзі. Непасрэдны ўдзел у іх прыняла чвэрць усіх узброеных сілаў. «Gazeta Polska» (Польшча)
Эканоміцы Беларусі патрэбна дапамога як з усходу, так і з захаду, і ЕС нездарма падкрэслівае, што пакідае дзверы адкрытымі. Важна, як адрэагуе Мінск на памяншэнне «чорнага спісу» Еўрасаюза — ці пачне ўлада працэс вызвалення палітвязняў. Аляксандру Лукашэнку, які засяродзіў у сваіх руках усю ўладу ў краіне, нічога не варта хоць заўтра адпусціць «палітычных» на волю. Напярэдадні саміту ў Вільнюсе гэта магло б стаць жэстам добрай волі, які адкрые для краіны новыя перспектывы на заходнім кірунку і надасць яму пераканаўчасць у перамовах з Масквой. Магчыма, гэта якраз той выпадак, калі палітычныя арэлі прынясуць асаблівыя дывідэнды суверэннай дзяржаве Беларусь.
«Deutsche Welle» (Германія )
З ціхай і спакойнай краіны, якой Беларусь была апошнія гадоў дзесяць, яна ўжо ператвараецца ў нешта сярэдняе паміж Украінай і Расіяй. Іншае пытанне ў тым, што мясцовая злачыннасць, як распавядаюць у прыватных гутарках супрацоўнікі праваахоўных органаў, з’яўляецца часткай «бандыцкага экспарту». Гэта значыць, што ў Беларусь зачасцілі злачынцы з Расіі, Украіны, Грузіі і нават Ірана. З чым гэта звязана, міліцыянты дакладна сказаць не могуць. Але «фактары рызыкі» — гэта і наяўнасць ігральных устаноў у Мінску і іншых буйных гарадах Беларусі, і ганенні ў дачыненні да мігрантаў у Маскве, і ўзровень жыцця шараговых беларусаў, які павольна зніжаецца, і пастаянная ратацыя кадраў у сілавых структурах. У МУС, КДБ і пракуратуры Беларусі цяпер «няма парадку», паколькі іх кіруючы склад ператрэсваюць літаральна кожныя некалькі месяцаў.
«Росбалт» (Расія)
Што тычыцца сутнасці прызнанняў Уладзіміра Сямашкі, то яны мясцовых экспертаў не здзіўляюць. Праўда, прычынна-выніковую сувязь яны бачаць па-іншаму. На думку мясцовых эканамістаў, Мытны саюз адыграў ролю лакмусавай паперкі для беларускай эканомікі. Выйшаўшы за межы дзяржаўнага пратэкцыянізму, мадэль прадэманстравала сваю няздольнасць канкураваць без яго. Выхад з гэтай сітуацыі беларускія эксперты, як і аналітыкі МВФ і СБ, бачаць у правядзенні структурных рэформаў, а не ў касметычных праўках заканадаўства.
«Независимая газета» (Расія)
Ва ўмовах адсутнасці ўнутраных свабодаў у краіне лягчэй ствараць сумесныя буйныя геапалітычныя праекты — няма ўнутраных падводных плыняў — яны знішчаны і не перашкаджаюць штучнай інтэграцыі ў вонкавым свеце. Без сутыкнення розных сіл жыццё ў парламенце становіцца грубай нячулай сістэмай, фармалізаванай структурай, якая працуе не сама па сябе, а на знешнюю фантомную абалонку, якой кіруе чалавек, што страціў сувязь з рэальнасцю. Статус прэзідэнта вышэй за статус чалавека. Статус дзяржавы вышэй за статус свабоды людзей: захочуць — без пытанняў абмяжуюць таварныя пастаўкі, а захочуць — цану на газ падвысяць, спаслаўшыся на нечаканы крызіс. Дзяржава без унутранай свабоды становіцца некантралюемай сістэмай, яна не проста небяспечная, а небяспечная ўдвая — і для знешняга, і для ўнутранага свету. Лукашэнка менавіта гэта і зрабіў.
«Главком» (Украіна)
Лукашэнка трымаецца ва ўладзе толькі праз гвалт і пагрозы? Гэта не так. Гэта аўтарытарны рэжым, які абапіраўся і да некаторай ступені абапіраецца і цяпер на падтрымку электарату. Падтрымка, якая была звязана з эканамічнымі фактарамі. Павышэнне заработнай платы ў Беларусі апошніх гадоў вельмі моцна было звязана з электаральным цыклам. У іншых краінах таксама так бывае. Але трэба мець на ўвазе, што апошнія 15–16 гадоў узровень жыцця, узровень рэальнай зарплаты ў Беларусі нашмат вырас. І падтрымка прэзідэнта заснавана, перш за ўсё, на гэтым. Гэта не проста дыктатура, якая трымаецца толькі на страху. Гэта нашмат складаней.
«RFI» (Францыя)