Замежныя СМІ пра Беларусь: 28 чэрвеня — 3 ліпеня
У сённяшніх умовах магутны ваенны парад з нагоды 70-годдзя вызвалення Мінска — гэта яшчэ і адказ на падзеі ва Украіне. Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова папікаў украінскія ўлады ў тым, што яны самі здалі Крым, сцвярджаў, што ён ваяваў бы нават аднаасобна, і запэўніваў, што ўжо ў Беларусі ёсць чым адстаяць свае тэрыторыі.
Што тычыцца расійскага ўдзелу ў парадзе, то спачатку пра гэта гаварылі на ўзроўні чутак, якія афіцыйныя ўлады не пацвярджалі, аднак на мінулым тыдні стала вядома, што над Мінскам праляцяць
расійскія бамбавікі Су-34. Лукашэнка гуляе з агнём, падлашчваючыся адначасова да Расіі і да Украіны, кажуць эксперты.
«Независимая газета» (Расія)
Улады Беларусі працягваюць курс на дэрусіфікацыю постсавецкай рэспублікі. Мінгарвыканкам рыхтуецца паставіць помнік «1000-годдзю беларускай дзяржаўнасці», у якім будуць
увекавечаны беларускія нацыяналісты і польскія тэрарысты, якія змагаліся супраць Расіі. У розных гарадах Беларусі ўстаноўлены помнікі літоўскім князям і польскім палітычным дзеячам. На думку
экспертаў, устаноўка ў Віцебску помніка літоўскаму князю Альгерду з’яўляецца прамым выклікам не толькі жыхарам горада, але таксама НДА і царкве. Пры гэтым ні МЗС РФ, ні РПЦ не заўважаюць
праблемы, а прадстаўнікі празаходняй апазіцыі спрабуюць прадставіць канфлікт (вакол помніка) у Віцебску як інтрыгі нейкай «расійскай грамадскасці».
«Обзор» (Літва)
Нельга сказаць, што Масква сядзіць склаўшы рукі і ніяк не ўплывае на наравістага партнёра. Апошні скандал з удзелам Лукашэнкі — ускоснае пацверджанне таго, што Крэмль па-ранейшаму
трымае руку на пульсе. Вядомы пранкер Ваван — жартаўнік, які спецыялізуецца на тэлефонных розыгрышах знакамітасцяў, — патэлефанаваў у прыёмную прэзідэнта, прадставіўся сынам Віктара
Януковіча і практычна дамовіўся з ім аб патэнцыйным палітычным прытулку для збеглага ўкраінскага лідара. Гутарка тут жа стала здабыткам грамадскасці і ўкраінскіх СМІ. Хоць сам Ваван клянецца і
бажыцца, што гэта адбылося за некалькі дзён да таго, як ён адважыўся апублікаваць сваю творчасць. А гэта значыць, што Лукашэнку нехта праслухоўваў. І гэты «нехта» жыве не за
акіянам. Такім чынам расійскія спецслужбы маглі паспрабаваць забіць двух зайцоў адным ударам. З аднаго боку, не даць зблізіцца на антырасійскай платформе Кіеву і Мінску. З іншага —
перашкодзіць Пятру Парашэнку пралабіраваць на Захадзе Лукашэнку ў якасці надзейнага стратэгічнага партнёра. Пасля такіх адкрыццяў мары «апошняга дыктатара Еўропы» стаць
«сваім» у Старым Свеце можна пахаваць.
«Нода.ру» (Расія)
Каб у выпадку чаго здушыць падобную Майдану самаарганізацыю ў самым зародку, і рыхтуецца новая рэдакцыя закона аб ваенным становішчы. Атрымліваецца, што ў выпадку пратэстных выступленняў улады
змогуць проста ўвесці ў краіне ваеннае становішча і здушыць пратэсты пры дапамозе арміі. Гэтага не хавае і міністр абароны Беларусі Юры Жадобін. Паводле яго слоў, асноўным распрацоўшчыкам
законапраекта стала Міністэрства абароны. І зараз у выпадку паўтарэння масавых беспарадкаў, падобных падзеям канца 2010 года, на іх падаўленне ўжо на цалкам законных падставах можа быць кінутая
армія.
«Русская планета» (Расія)