«Зялёныя чалавечкі» могуць з'явіцца ў іншых краінах Еўропы

Галоўнакамандуючы сіламі NATO ў Еўропе папярэджвае краіны Альянсу пра небяспеку «украінскага сцэнару».



breedlove.jpg

Пра гэта генерал вайскова-паветраных сілаў ЗША Філіп Брыдлаў (Philip Breedlove) заявіў у інтэрв'ю нямецкаму выданню Welt am Sonntag.


«Узброеныя баевікі без апазнавальных знакаў, якія ладзяць беспарадкі, захопліваюць адміністрацыйныя будынкі, падбухторваюць насельніцтва, праводзяць падрыхтоўку сепаратыстаў, вядуць вайсковую кансультацыю і такім чынам могуць спрыяць істотнай дэстабілізацыі краіны», — падкрэсліў Брыдлаў.


Генерал NATO адзначыў, што на прыкладзе Украіны Расія дэманструе «новы тып вядзення вайны». Таму самае галоўнае, з ягоных слоў, каб краіны NATO «былі гатовыя да новых «зялёных чалавечкаў».


Брыдлаў перакананы, што праз наяўную пагрозу сілы паліцыі і арміі ўсходнееўрапейскіх краін павінны быць гатовыя да яе пераадолення.


Адказваючы на пытанне, якія наступствы будзе мець патэнцыйнае з'яўленне «зялёных чалавечкаў» у іншых краінах Усходняй Еўропы, генерал нагадаў пра артыкул 5 Паўночнаатлантычнага пагаднення, якім прадугледжанае права на калектыўную абарону ў выпадку даказанай агрэсіі з боку трэцяй дзяржавы. «Таму мы павінны распрацоўваць унутраныя, нацыянальныя сцэнары ідэнтыфікацыі падобных дзеянняў і іх пераадолення», — сказаў ён.


У той жа час амерыканскі генерал падкрэсліў, што, нягледзячы на агрэсію Расіі ў дачыненні да Украіны і актыўную падтрымку Масквой сепаратыстаў на Данбасе, ні адна з краін NATO «цяпер не хоча вайсковага ўмяшання ў канфлікт».


«Сябры Альянсу ўзгаднілі наданне Украіне дапамогі для паляпшэння яе вайсковых магчымасцяў, а таксама падтрымалі Кіеў у правядзенні рэформаў у абароннай сферы», — адзначыў Брыдлаў.

ukrinform.ua