ЗША: каталіцкі святар заклікае адлучыць ад Касцёла заканадаўцаў, якія выступаюць за аборты
У апошнія дні студзеня прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ў Сенаце ЗША не дазволілі прыняць закон пра забарону абортаў на познім тэрміне цяжарнасці. 14 сенатараў-дэмакратаў, пры гэтым, лічаць сябе каталікамі.
Амерыканскі святар Дуайт Лонгенекер, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай у Грынвілі (штат Паўднёвая Караліна), у сувязі з гэтым прапанаваў публічна абвясціць санкцыі, якія патрабуе Кодэкс Кананічнага права Касцёла.
У 2004 годзе будучы папа Бэнэдыкт XVI кардынал Ёзэф Ратцынгер падпісаў мемарандум Кангрэгацыі Веравучэння «Годнасць прыняць Святую Камунію», у якім адзначалася, што, калі палітык-католік адкрыта і ўпарта выступае за легальнасць абортаў і эўтаназіі, святар абавязаны паведаміць такому палітыку пра вучэнне Касцёла ў гэтай сферы і адмовіць яму ў Камуніі.
«Гэтае жахлівае злачынства супраць чалавечнасці, гэты нябачны Халакост не спыніцца, пакуль людзі, якія маюць уладу, не паўстануць супраць яго публічна і жорстка», — заключае святар.
Catholic.by