ЗША спыняюць тэхналагічную блакаду канцэрна Huawei

Такое абяцанне Дональд Трамп даў старшыні КНР Сі Цзіньпін на саміце ў горадзе Осака.

scale_1200_1.jpg


ЗША спыняюць тэхналагічную блакаду кітайскага тэлекамунікацыйнага канцэрна Huawei — аднаго з найбуйнейшых пастаўшчыкоў абсталявання для мабільных сетак і другога па велічыні ў свеце вытворцы смартфонаў. «Я пагадзіўся ізноў дазволіць продаж тэхналагічных прадуктаў Huawei», — сказаў Трамп на прэс-канферэнцыі па выніках саміту краін «вялікай дваццаткі» ў Осацы ў суботу, 29 чэрвеня, піша dw.com.

Адпаведнае абяцанне Трамп даў старшыні КНР Сі Цзіньпін падчас асабістай сустрэчы на палях саміту. Прэзідэнт ЗША адзначыў, што амерыканскія кампаніі, якія пастаўляюць Huawei камплектуючыя, былі незадаволеныя забаронай на супрацоўніцтва з гэтым кітайскім канцэрнам.

Раней Трамп унёс Huawei ў чорны спіс, абвясціўшы канцэрн пагрозай для бяспекі ЗША. Тым самым ён моцна абмежаваў дзелавыя аперацыі амерыканскіх прадпрыемстваў з кітайскім канцэрнам. На прэс-канферэнцыі па выніках саміту G20 Дональд Трамп сказаў, што канчаткова пытанне аб Huawei павінна быць вырашана на гандлёвых перамовах паміж ЗША і Кітаем.

На сустрэчы ў Осацы Трамп і Сі Цзіньпін дамовіліся аднавіць перамовы з мэтай ўрэгулявання гандлёвага канфлікту паміж ЗША і КНР, ад якога церпяць эканомікі не толькі дзвюх краін, але і ўсяго свету.