ЗША выходзяць з Дамовы аб ракетах сярэдняй дальнасці, уцягваюць Расію ў гонку ўзбраенняў

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў у суботу 20 кастрычніка, што ЗША выйдуць з Дамовы аб ядзерных ракетах сярэдняй дальнасці. Дамова была заключаная ў 1988 годзе Рэйганам і Гарбачовым і мела на мэце змяншэнне колькасці атамных узбраенняў найперш у Еўропе.

donald_1.jpg

Гаворка ідзе пра ракеты дальнасцю ад 500 да 5500 км.
Выхад ЗША з Дамовы ставіць Расію перад патрэбай вытворчасці аналагічных ракет і ўзмацнення сістэм проціракетнай абароны. Паколькі Расія нашмат бяднейшая, яе эканамічны патэнцыял нашмат слабейшы, гэта можа стаць для яе вялікай нагрузкай.
Трамп абвінаваціў Маскву, што яна не выконвала дамовы. Раней у краінах Захаду наракалі на масавую вытворчасць і размяшчэнне на заходніх межах Расіі ракет «Іскандэр», дальнасць якіх — роўненька на ніжняй мяжы Дамовы. Акрамя таго, кантраляваныя ўладамі расійскія СМІ прывучаюць грамадскую думку да ідэі захопу новых краін і тэрыторый. У прыватнасці, Расія захапіла Крым і Данбас ва Украіне, Асецію і Абхазію — у Грузіі, расійскія войскі кантралююць малдаўскае Прыднястроўе.
Паводле Нашай Нівы