Чэмпіён свету з Гродна Дзмітрый Варац слухае Brutto і вучыць сына беларускай мове

У 26 гадоў яму ўдалося стаць не толькі шматразовым чэмпіёнам Еўропы, але і чэмпіёнам свету. Апошні бой, які правёў гарадзенскі баец, стаў вельмі важным у яго жыццi.



get_imgae6cu7na.jpg

 

У Тайландзе баец — як нацыянальны герой

Турнір "Top King" доўжыўся на працягу года. З усяго свету было адабрана 16 лепшых байцоў. Гарадзенец Дзмітрый Варац трапіў у паўфінал, дзе ў першым жа баі нечакана для многіх накаўтаваў знакамітага тайскага прафесіянала Кема Сiтсонгпiнонга.

— На паядынку было вельмі шмат людзей. У такія моманты, калі ўся публіка заўзее за твайго суперніка, вельмі цяжка настроіцца. Тайскі баец для іх як нацыянальны герой і ім, напэўна, было цяжка паверыць, што ён прайграў.

Другі і фінальны бой быў у той жа дзень. Дзмітрый выйшаў на рынг супраць Хаяла Джанiева, які ў мінулым сезоне перамог самага папулярнага байца свету Буакава Бэнчамека. У вырашальным паядынку суддзям спатрэбіўся дадатковы раўнд, каб вызначыць чэмпіёна. У выніку каралём рынга стаў гарадзенец.

get_img?ImageWidth=725&ImageHeight=407&ImageId=59684

get_img?ImageWidth=725&ImageHeight=482&ImageId=59685

— Я чакаў гэтай перамогі і рыхтаваўся да яе. У мяне была матывацыя і жаданне. Кожны дзень мы старанна працавалі з маім трэнерам Юрыем Булатам. Праводзілі па дзве трэніроўкі, праглядалі відэа, разбіралі ўсе ўдары. Рыхтаваліся да акліматызацыі і адмыслова ў Тайланд прыехалі за 10 дзён. Фінальны бой быў цяжкім і па трох раўндах суддзі не маглі вызначыць, хто з нас перамог. У выніку далі дадатковы чацвёрты раўнд і пасля яго заканчэння паднялі маю руку.

Жонка ведала на што ішла

Дзмітрый лічыць, што такі шанец бывае толькі раз у жыцці.

— Многія спартсмены мараць пабываць і проста выступіць на падобным турніры, а мне ўдалося яшчэ і выйграць. Лічу, што гэтую перамогу заваяваў не толькі я, але і мой трэнер, і каманда дапамагала таксама. Варта адзначыць і падтрымку маёй сям'і, якая за мяне перажывала ў Гродне. Яны і ёсць мой галоўны матыватар.

Жонка Дзмітрыя не глядзела фiнальны паядынак, бо была на працы, але сябры тэлефанавалі ёй і распавядалі практычна аб кожным сур'ёзным моманце бою.

— Вядома, яна перажывала. І так кожны бой. Але ў яе няма выбару, проста трэба змірыцца. Ды і калі яна выбірала мяне, яна ведала на што ішла.

Натхняе музыка

Перад боем, як многія спартсмены, Дзмітрый стараецца пагутарыць з Богам, падумаць пра сям'ю. Пасля ўсяго гэтага ён са спакойнай душой выходзіць на рынг.

get_img?ImageWidth=725&ImageHeight=407&ImageId=59687

— Мяне натхняе малітва, сям'я і, вядома ж, добрая музыка. Калі выходзім на бой, уключаюць часцей за ўсё матывіровачную музыку. Усё залежыць ад спаборніцтваў, можна і сваю паставіць. Асабіста я люблю музыку пад настрой. У большай ступені я слухаю рэп. Таксама магу і рэтра музыку, і рускі рок паслухаць.

Дзмітрый адзначае свой любімы беларускі гурт Brutto, з адным з салістаў якога, Віталём Гурковым, таксама байцом, ён добра знаёмы. Дарэчы, Гуркоў не раз прапаноўваў Варацу наведаць іх канцэрт. "Вось хутка будуць іх гастролі ў Беластоку, разам з нашымі "Дзецюкамi". Калі ў мяне не будзе спаборніцтваў, абавязкова з'ездзім паслухаць добрую музыку і падтрымаць хлопцаў".

Дзмітрый адзначае, што, прыходзячы іншы раз на трэніроўку, чуе, як грае беларуская музыка — хлопцы з клуба натхняюцца творчасцю суайчыннікаў. "Цяпер многія спартсмены і трэнеры папулярызуюць родную мову. Гэта і мой трэнер Юрый Булат, і Віталь Гуркоў і многія іншыя". Дзмітрый лічыць, што яны ўсё правільна робяць, бо, жывучы ў Беларусі, трэба ведаць мову, на якой з пакалення ў пакаленне размаўлялі продкі. Хлопец любіць чытаць пра вядомых спартсменаў па-беларуску. І нават сына з ранняга дзяцінства вучыць гаварыць у садку "да пабачэння".

 

Дзмітрый не спяшацца з высновамі, што сын абярэ шлях бацькі.

— У яго будзе выбар. Безумоўна, да спорту я яго буду далучаць. Час ад часу падцягваць на розныя трэніроўкі, а далей выбар будзе за ім. Я ж таксама баямі не адразу стаў займацца. Мне і ў футбол атрымалася пагуляць, і ў баскетбол, у басейн рэгулярна хадзілі.

Выхаванец Вараца ўжо стаў чэмпіёнам

Сёння Дзмітрый не толькі спартсмен, які рэгулярна выступае на спаборніцтвах, але і трэнер.

— Я заўважыў, што апошнім часам бацькі самі прыводзяць сваіх дзяцей займацца спортам. Але не заўсёды дзеці хочуць займацца. Нядаўна быў у мяне выпадак, калі бацька прывёў сына на трэніроўкі. Ён купіў яму пальчаткі, але малому была не цікава. Які вынік? Бацька сам займаецца ў гэтых пальчатках!

Дзмітрый кажа, што ў сучасным свеце шмат адцягваючых фактараў — тыя ж гаджэты, камп'ютары. Навошта ісці на трэніроўку і пацець, калі можна ў анлайне "накаўтаваць" любога байца? Таму Дзмітрый лічыць, што матывацыя ў дзяцей павінна зыходзіць ад бацькоў.

Але ёсць і станоўчыя моманты. Напрыклад, выхаванец Дзмітрыя Улад Едэшка ўжо паспеў стаць чэмпіёнам Еўропы і прызёрам чэмпіянату свету.

— Не хапіла трохі Уладу на апошніх спаборніцтвах, ён правёў больш за ўсіх паядынкаў і гэта адбілася на яго стомленасці. У выніку ў фінале ў змаганні за званне чэмпіёна свету ён прайграў расійскаму спартсмену.

Дзмітрый упэўнены, што ў Беларусі шмат байцоў і таленавітых, і старанна працуючых. Але для сябе ён улавіў думку, што ў чалавека можа быць толькі 1% таленту, а ўсе астатнія працэнты поспеху дасягаюцца руплівымі трэніроўкамі і працай над сабой.

get_img?ImageWidth=725&ImageHeight=484&ImageId=59688

Дзмiтрый са сваiм выхаванцам Уладам Едэшкам

Любіць кіно і лазню

Панядзелак, серада і пятніца ў спартсмена насычаныя дні, можна сказаць, ён трэніруецца цэлы дзень. А вось у аўторак, чацвер і суботу Дзмiтрый вызваляецца крыху раней і вольны час імкнецца праводзіць з сям'ёй або сябрамі.

— З жонкай мы часта ходзім у кіно. Мне вельмі падабаецца, бо я магу адключыцца ад усяго і пагрузіцца цалкам у фільм. Нядаўна хадзіў на "Выживший" з Леанарда Ды Капрыа, мне вельмі спадабалася. Думаю, ён нарэшце возьме доўгачаканы Оскар. Акцёр стараецца, а ўсё ніяк не атрымліваецца. Але ў апошняй стужцы ён адыграў вельмі моцна. Такія фільмы натхняюць і матывуюць на новыя перамогі. Як бы цяжка не было, ты павінен ісці да сваёй мэты.

Калі з жонкай Дзмітрый ходзіць у кіно, то з сябрамі любіць наведваць лазню.

get_img?ImageWidth=725&ImageHeight=483&ImageId=59683

“Твой стыль”